Спецдакладчык ААН заклікаў вызваліць беларускіх палітвязняў

Як паведамляе сайт spring96.org, Харашці заклікае «тэрмінова і безумоўна» вызваліць і рэабілітаваць Алеся Бяляцкага. “Зняволенне Бяляцкага з’яўляецца сімвалам рэпрэсій супраць праваабаронцаў”, — падкрэслівае ён. “Бяляцкі — праваабаронца, якога паважаюць ва ўсім свеце, яго дзейнасць па абароне правоў чалавека добра вядомая і шырока прызнаная”, — заявіў Харашці.



Ён адзначае, што Бяляцкі, “як і многія іншыя праваабаронцы ў Беларусі, не мог займацца легальнай і бесперашкоднай працай з-за адмовы беларускіх улад у рэгістрацыі яго арганізацыі”.



Харашці заклікаў урад Беларусі прызнаць праваабарончыя арганізацыі краіны і пачаць супрацоўніцтва з імі для таго, каб стварыць “незалежную нацыянальную ўстанову па правах чалавека, як таго патрабуюць абавязанні краіны ў межах дамоваў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”.



Харашці спасылаецца на меркаванне Камітэта па правах чалавека ААН пра тое, што ліквідацыя “Вясны” з’яўляецца парушэннем свабоды аб’яднанняў, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, ён адзначыў, што Савет па правах чалавека ААН аднагалосна заявіў, што ніякі закон не можа ўводзіць крымінальную адказнасць ці пазбаўляць легітымнасці дзейнасць па абароне правоў чалавека ў сувязі з крыніцамі яе фінансавання.



“Затрыманне Бяляцкага — відавочны вынік яго працы ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, — лічыць Харашці. — Дзейнасць па пошуку сродкаў, якой займаўся Бяляцкі для таго, каб забяспечыць само існаванне „Вясны“, а таксама працяг яе дзейнасці, праводзілася ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека”.



Харашці заклікае ўрад Беларусі забяспечыць Бяляцкаму “ў перыяд да яго вызвалення доступ да любой медыцынскай дапамогі, якая яму можа спатрэбіцца, і гарантаваць, што ўмовы ўтрымання ў турме не ўплываюць на яго здароўе, а таксама што Алесь Бяляцкі мае поўныя правы на спатканні і прыватную перапіску”.


Нагадаем, Харашці афіцыйна пачаў выконваць свае функцыі спецдакладчыка 1 лістапада 2012 года. Яго мандат быў прадоўжаны яшчэ на год у чэрвені 2013 года. 11–14 ліпеня Харашці, які так і не дачакаўся дазволу беларускіх улад наведаць Беларусь, сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Вільні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі