Спіс невыязных беларусаў не з’явіўся ў расійскіх памежнікаў і пасля святаў
Як стала вядома Еўрарадыё, расійскія памежнікі да гэтага часу не атрымалі ад беларускіх праваахоўных органаў спісу невыязных. Таму для тых, хто ў гэты спіс патрапіў, застаецца магчымасць выехаць у іншыя краіны свету – праз Расію. У службе памежнага кантролю міжнароднага аэрапорта “Дамадзедава” Еўрарадыё пацвердзілі, што наяўнасць у пашпарце грамадзяніна Беларусі дазвольнага штампа выезда за мяжу з 1 студзеня не правяраюць. Што ж тычыцца спісу невыязных, то памежнікі нічога пра яго не ведаюць.
Супрацоўнік “Дамадзедава”: “Прыходзіў загад, што можна прапускаць з пашпартамі, у якіх няма ніякіх адзнак. А наконт спісу невыязных наўрад ці вам хто-небудзь дасць дакладную інфармацыю. Шчыра кажучы, я нават не ў курсе, ці прыходзілі яны нам увогуле”.
Не атрымлівалі такога спісу і ў аэрапорце “Шарамецьева-1”. А супрацоўнік службы памежнага кантролю аэрапорта “Шарамецьева-2” параіў пашукаць спісы невыязных беларусаў на Лубянцы, у ФСБ Расіі.
Супрацоўнік: “Шарамецьева-2”: “Я вам параю звярнуцца альбо ў прэс-службу вашых сілавых ведамстваў, альбо ў прэс-службу Федэральнай службы бяспекі Расіі на Лубянцы”.
На Лубянцы 8 студзеня яшчэ працягвалі святкаваць, таму Еўрарадыё звярнулася ў прэс-службу МУС Беларусі. Адсутнасць спісу ў расійскіх памежнікаў супрацоўнік прэс-службы Алег Слепчанка патлумачыў часовай недапрацоўкай, якую выправяць у бліжэйшы час.
Алег Слепчанка: “Закон толькі прыняты. База даных фарміруецца пастаянна ў рэжыме он-лайн. І патрабаваць, каб у першых чыслах года ўсё было чыста, гладка і без нейкіх накладак, не вельмі правільна. А выправіць іх – гэта пытанне часу”.
Затое, па яго словах, штодня база даных невыязных у беларускіх памежнікаў аднаўляецца і павялічваецца. Суды ж, кажа, працуюць штодня.
Алег Слепчанка: “Суды ж не спыняюцца ў працы. І ў адпаведнасці з Палажэннем аб банку даных, і тыя, хто на працягу сутак трапляюць у гэтую катэгорыю, яны цягам сутак альбо па лініі Міністэрства юстыцыі, калі гэта суды, альбо па лініі КДБ ці Міністэрства абароны трапляюць у наш банк даных. Паралельна гэтая інфармацыя адпраўляецца асобе, якая ў спіс патрапіла”.
Выкрэсліваюць са спісу невыязных, кажа супрацоўнік МУС, па меры спынення крымінальнага пераследу, прыходу ў ваенкамат, калі гэта тычыцца прызыўнікоў, альбо выплаты ўсіх грашовых запазычанасцяў. Цікава, што высвятляць, ці выкраслілі яго з гэтага спісу, былому невыязному неабходна самастойна. Трэба звяртацца ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС.
Алег Слепчанка: “Ён можа гэтую інфармацыю атрымаць у індывідуальным парадку ў адпаведнасці з Палажэннем – у любым тэрытарыяльным органе па грамадзянстве і міграцыі. І на працягу месяца яму дадуць неабходную інфармацыю”.
Спіс невыязных папаўняюць не толькі МУС, але і КДБ, і Міністэрства абароны. Колькі чалавек у гэтым спісе сёння, супрацоўнік прэс-службы сказаць адмовіўся. Але зазначыў, што на 1 студзеня толькі па лініі іх міністэрства ў спіс патрапілі больш за 100 тысяч чалавек.
Алег Слепчанка: “Лічба гэтай базы даных плаваючая. Называць яе кожныя суткі ці нават штомесяц я не бачу неабходнасці. Кожны чалавек можа ў індывідуальным парадку атрымаць інфармацыю на сябе. На першапачатковым этапе, у канцы снежня, толькі па лініі МУС праходзіла больш за 100 тысяч чалавек. Гэта ўсё, што звязана з крымінальным пераследам”.
Па інфармацыі МУС, 7 студзеня ў краіне было здзейснена 115 крымінальных злачынстваў. На 48 чалавек былі заведзеныя справы. Значыцца, на такую ж лічбу павялічыўся і спіс невыязных. А былі яшчэ і адміністрацыйныя справы, колькасць якіх высветліць не ўдалося, і судовыя прысуды, якія толькі зараз уступілі ў сілу. Ёсць яшчэ і КДБ з Міністэрствам абароны. Яны таксама штодня папаўняюць спіс. І нават памежнікі не ведаюць, колькі чалавек сёння ў гэтым спісе. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.
Аляксандр Цішчанка: “Памежнікі карыстаюцца падчас кантролю спецыяльнымі сканерамі. Гэтыя сканеры знаходзяцца ў звязцы з аўтаматызаванай сістэмай памежнага кантролю, якая, у сваю чаргу, завязаная на базы, якія прадаставілі кампетэнтныя структуры. Зазірнуць у базу і сказаць, колькі там чалавек “вісіць”, я не магу”.