Сталі вядомыя падрабязнасці трайнога забойства на Смаргоншчыне (фота)
Следчы камітэт паведаміў падрабязнасці трайнога забойства ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна. Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці пачало крымінальную справу за забойства трох асобаў.
Паведамляецца, што 12 чэрвеня каля другой гадзіны ночы ў дзяжурную часць міліцыі Затэлефанавала 38-гадовая жыхарка вёскі Солы. Яна заявіла, што яе 33-гадовы муж зарэзаў у суседнім доме трох чалавек, а таксама прычыніў цялесныя пашкоджанні ёй самой. Жанчыну шпіталізавалі ў лякарню з рэзанымі ранамі рукі і нагі. Яе жыццю нішто не пагражае.
На месцы здарэння міліцыянты выявілі целы трох зарэзаных раней судзімых мясцовых жыхароў. Гэта быў 35-гадовы мужчына, яго 62-гадовы бацька-пенсіянер і 47-гадовая сужыцелька бацькі.
Падазронага затрымалі ў нецвярозым стане ў яго дома.
Па версіі следства, мужчына зарэзаў 35-гадовага суседа з рэўнасці. Двух другіх чалавек ён забіў за тое, што яны сталі сведкамі першага забойства.
Падчас пошукавых мерапрыемстваў следча-аператыўная група выявіла прыладу злачынства — нож.
Эксперты пачалі судова-медыцынскія экспертызы, рыхтуецца шэраг крыміналістычных і генетычных экспертных даследаванняў.
Следчыя вывучаюць асобу падазронага. Паведамляецца, што мужчына раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, мае месца працы. Следства плануе ўзяць яго пад варту.
З улікам характару і цяжкасці злачынства мужчына будзе адпраўлены на судова-псіхіятрычную экспертызу, каб выявіць, ці здольны ён усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, несці адказнасць за зробленае.