Станіславу Шушкевічу паднялі пенсію
Старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Станіслаў Шушкевіч цяпер будзе атрымоўваць нармальную пенсію. Нагадаем, што з сярэдзіны 90-х яго персанальная пенсія як першага кіраўніка незалежнай Беларусі згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі не індэксавалася. Таму ў выніку за гэты час яна стала роўнай аднаму-двум доларам у эквіваленце.
Як піша газета "Народная Воля", пакуль дазваляла здароўе, экс-кіраўнік Беларусі зарабляў на жыццё лекцыямі за мяжой краіны. Аднак пасля 80 гадоў ездзіць з лекцыямі Шушкевічу стала цяжка.
Яго пенсіянерскі статус змяніўся дзякуючы жонцы Ірыне Кузьмінічне. Яна ад імя мужа падала дакументы на атрыманне пенсіі па ўзросце. Чыноўнікі райсабеса налічылі экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі, члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук, доктару фізіка-матэматычных навук, прафесару, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі пенсію ў памеры крыху больш за чатыры мільёны рублёў (каля 220 долараў).