Старшыня Кобрынскага райвыканкама: Мы мусім ведаць пра Дзень Волі
Праўда, сам Аляксандр Зазуля не будзе адзначаць свята, паколькі яно не дзяржаўнае.
Старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля станоўча ставіцца да Дня Волі — ўгодкаў абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года ў Мінску дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
“Чаму ж гэта я не буду ведаць, што адбылося 25 сакавіка 97 гадоў таму? У нас была ўтвораная БНР — я люблю нашу гісторыю! — кажа старшыня райвыканкама ў гутарцы з Еўрарадыё. — Я лічу, што мы павінныя гэты дзень ведаць, ён варты таго, каб яго разумець і ўсведамляць. Тым больш што гэта ж былі нашы людзі: сярод кіраўнікоў БНР — кобрынец! Я пра гэта нават неяк казаў на Дні горада”.
Аляксандр Зазуля мае на ўвазе Пятра Крэчэўскага, старшыню Рады БНР у 1919-1928 гадах. Ён — ураджэнец Кобрынскага павету.
У святкаванні Дня Волі кобрынскі кіраўнік удзелу браць не будзе. На гэту тэму Аляксандр Зазуля аджартоўваецца: маўляў, свята гэта не дзяржаўнае, а ён цяпер “чалавек гасударавы” і ўсе думкі ў яго найперш пра “пасяўную, што таксама вельмі важна для таго, каб у Беларусі Воля была заўжды”.
Як адзначыць 25 сакавіка: афіша мерапрыемстваў і святочнае меню
Вікіпедыя пра БНР: першая беларуская дзяржава ці няўдалая спроба?