Статкевіч: У мяне ёсць тыдзень славы, каб прыдумаць план дзеянняў апазіцыі

Цалкам размову з Міколам Статкевічам можна паслухаць:

Еўрарадыё: Для чалавека, які толькі што выйшаў з-за кратаў, у адрозненне ад іншых палітвязняў вы вельмі добра выглядаеце. У чым сакрэт?

Мікалай Статкевіч: Такая заўвага мяне нават палохае! Некалі я быў на “хіміі” ў адным калгасе, і апошнія паўтара месяцы майго знаходжання там мяне ніхто не чапаў і я спакойна купаўся ў рэчцы, загараў, у выніку чаго вельмі добра выглядаў. І калі выйшаў, то адзін апазіцыйны палітык ў эміграцыі напісаў, што Статкевіча КДБ самалётам вазіла адпачываць у Манака. Калі пасля падзей 19 снежня 2010 года я ў “амерыканцы” знаёміўся са сваёй справай, то дзеля жарту распавёў гэтую гісторыю супрацоўнікам. На што яны адказалі: “Дык у нас і самалёта няма!”. І цяпер я міжволі пачынаю адчуваць сябе вінаватым за тое, што добра выглядаю. Але на самой справе цягам гэтых 5 гадоў я выглядаў па-рознаму. Былі перыяды, калі я выглядаў проста жахліва. Калі пасля 24 дзён галадоўкі ў СІЗА КДБ мяне прывезлі ў рэанімацыю шпіталя КДБ і я, зразумеўшы, што памерці ўсё адно не дадуць, будуць трымаць “на іголцы”, спыніў галадоўку і паглядзеў на сябе ў люстэрка, то ў першы раз за гэтыя 4 гады і 8 месяцаў мне сябе стала шкада. Але праўда, я шмат займаўся фізкультурай. Бо “крытка” ― вельмі небяспечная для псіхічнага і фізічнага здароўя. Галоўнае ў гэтых умовах, не загнаць сябе ў дэпрэсію. І ратуюць ад гэтага фізічныя практыкаванні. Я проста павялічыў колькасць трэніровак з трох да чатырох. Англійскай мовай займаўся, шмат лістоў пісаў…

Еўрарадыё: Падчас трэніровак адпрацоўвалі баксёрскія ўдары?

Мікалай Статкевіч: Не. Я гэтага апасаюся, бо калі гэта будзе на ўзроўні аўтаматычных жэстаў, то з улікам абставінаў, у якіх мы займаемся палітыкай, калі адзіны спосаб палітычнага ўздзеяння на ўладу ― вуліца, то можна аўтаматычна каму-небудзь нешта зрабіць. Мне давялося біць у твар “алмазаўцу” 19 снежня ля офіса Някляева, але толькі таму, што той лупіў маладога хлопца. Той проста стаяў, апусціўшы рукі, і закрываў мяне сабой. Я хлопца адхіліў і ўдарыў.

Еўрарадыё: А колькі б вашых калег з апазіцыі пацярпела, калі б вы цяпер мелі такі даведзены да аўтаматызму ўдар?

Мікалай Статкевіч: У мяне было вельмі мала выпадкаў у жыцці, калі мне нехта ў твар сказаў бы нешта абразлівае. Нават у турме такі выпадак быў толькі аднойчы. Нават прапановы напісаць прашэнне аб памілаванні мне рабілі хітра: “Вам жа тут не месца, вы інтэлігентны чалавек: пішыце і ідзіце”. Адзін раз толькі зрабілі гэта ў хамскай форме, але я даволі рэзка патлумачыў яму яго сапраўднае месца ў жыцці. У выніку я гэтага прапаноўшчыка год не бачыў. Нават потым крыху шкадаваў, што перад падначаленымі так гэтага капітана размазаў…

Еўрарадыё: Пару дзён таму некалькі знакавых палітыкаў мне ў чарговы раз заявілі, што далёка не ўсе ўдзельнікі выбараў 2010 года на самой справе сабралі неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў. І ваша імя сярод тых, хто, нібыта, іх сабраў, не гучала. Уявім, што гэта сапраўды так: як маглі вы, афіцэр, пайсці на такі падман і здаваць несапраўдныя подпісы?

Мікалай Статкевіч: Я не буду разглядаць гэтую версію. Я вам скажу, што ўсе кандыдаты, якія былі зарэгістраваныя, прынеслі і здалі ў тэрытарыяльныя камісіі тую колькасць подпісаў, якая была потым афіцыйна абвешчаная. Я ўпэўнены, што ніякіх ксеракопій там не было, я ўпэўнены, што там былі рэальныя прозвішчы і дадзеныя пашпартоў. Іншая справа, я не магу казаць, як гэтыя дадзеныя трапілі ў гэтыя падпісныя аркушы. Ведаеце, лідары апазіцыі паміж сабой не дамовіліся і думалі адзін аднаго затаптаць, а рэгіёны вырашылі па-свойму. І іншы раз зборшчык подпісаў цягаў з сабой лісты за 5-6 прэтэндэнтаў. Ці збіралі подпісы за аднаго, а потым перапісвалі дадзеныя ў іншыя падпісныя аркушы. Але гэта былі рэальныя подпісы. Усе кампаніі ўсіх кандыдатаў фінансаваліся. Не ў поўнай меры, але лепш за сёлетнюю кампанію кандыдата, падтрыманага БНФ, які сабраў больш за 100 тысяч подпісаў. Ну, людзі тады так адрэагавалі на тое, што мы не абралі адзінага кандыдата!

Цяпер, што тычыцца мяне. Я маю права быць больш упэўнены ў подпісах, сабраных за мяне, чым іншыя кандыдаты. Бо я нікога не наймаў ― на мяне працавала партыя, якая верыць у мяне, як у лідара. І ніводзін чалавек з маёй каманды не даў на мяне паказанняў. Мы не думалі, што мяне рызыкнуць зарэгістраваць кандыдатам і таму падтрымалі яшчэ аднаго прэтэндэнта, які таксама лічыў, што выбараў няма, Дзіму Уса, які і забяспечваў у пэўнай ступені нашу кампанію фінансава. За што і быў пакараны. Ва ўсіх астатніх былі рэсурсы менавіта на збор подпісаў. І ўсе гэтыя заявы пра несабраныя іншымі подпісы… Разумееце, быў разлік на тое, што “мы грошы выбілі і папрасілі еўрапейцаў, каб не давалі больш нікому, у выніку будуць два кандыдаты, а я яшчэ дам грошы трэцяму пры ўмове, што ён здымецца на маю карысць, і ў выніку я застануся адзіным”. Такі вось быў план.

Еўрарадыё: Гэта быў план Някляева і ён шчыра ў ім прызнаўся ў інтэрв’ю Еўрарадыё…

Мікалай Статкевіч: Так. Але гэты план пагарэў з-за таго, што рэгіёны апынуліся разумнейшымі, і яны яго не падтрымалі. Наша з Усам кампанія абышлася значна ў меншую суму, чым іншым: не трэба плаціць за подпісы, не было акладаў, асабістых шафёраў і шыкоўнага офіса. А потым, калі гэты іх план выбараў ляснуў, яны пачыналі тэму сабраных подпісаў мусіраваць! Я нікога ні ў чым не папракаю. Давайце не будзем самі сябе грызці і займацца самаедствам. Калі казаць шчыра, у сённяшніх умовах, калі б зараз Калякін і Лябедзька здолелі любым чынам падаць 100 тысяч подпісаў, я б ім ніякіх пытанняў не задаў. Нават тое, каб перапісаць у падпісныя аркушы неабходныя звесткі, патрабуе грошай не менш, чым гэтыя подпісы рэальна сабраць. А грошай сёлета ў іх на гэта не было. І я разглядаю іх спробу ўдзелу, як адчайную спробу прадухіліць сітуацыю. Улада і так нам перашкаджае, і калі б яны пашлі на тое, каб падпісныя лісты любым чынам запоўніць і нейкім чынам гэтую фальсіфікацыю спіса кандыдатаў “парыраваць”, а можа, і пайшлі, але не здолелі гэтага зрабіць, бо без грошай нават гэта не робіцца, то і хай з імі!

Еўрарадыё: Яшчэ адна загадка 19 снежня: вы казалі, што пойдзеце на Кастрычніцкую з Прывакзальнай плошчы. Якім чынам вы апынуліся ля офіса Някляева?

Мікалай Статкевіч: Я сапраўды даў такую інфармацыю. Але напярэдадні вечарам у мяне адбылася сустрэча з Някляевым, якому я давяраў найбольш з усіх кандыдатаў, бо ў ім я адчуваў прыстойнасць і пэўны рамантызм. На жаль, я не разабраўся, што адбываецца ўнутры яго кампаніі, што ён быў толькі сцягам кампаніі, а рэальна ўсім працэсам кіравалі іншыя людзі. Але падчас той сустрэчы мы ўзгаднілі нашы планы на 19 снежня. І яшчэ была адна нагода: Ус не даваў грошы на гукаўзмацняльную апаратуру, ён не падтрымліваў Плошчу. Мы з Някляевым паразумеліся і дамовіліся сустрэцца на Маркса 19 снежня. Я тады моцна апасаўся прэвентыўнага арышту за некалькі гадзін да Плошчы. Карацей, а 18-й гадзіне я быў на дамоўленым месцы, але замест Някляева прыехаў яго кіроўца і сказаў, што адвязе мяне да яго. І прывёз мяне… да офіса “Гавары праўду!” Я быў у шоку: я хаваўся-хаваўся, а мяне прывезлі на месца, якое знаходзіцца пад назіраннем! Я мог сысці адтуль на вакзал, але часу ўжо бракавала. І я вырашыў застацца. Але мне і ў галаву прыйсці не магло, што яны збіраюцца прарывацца, разам з аўтобусам! Зробяць сілавы выклік усёй сілавой сістэме Беларусі! Чым гэта скончыцца, было зразумела адразу. А я ж людзей на Плошчу паклікаў, я мушу там быць! Ну, што ― бягом, праз двары… А тут падыходзяць гэтыя студэнтачкі: “Спадар Мікалай, які гонар, што вы з намі!” Сысці ― паскудна і амаральна, не дайсці да Плошчы ― таксама… Махнуў рукой і застаўся. Таго, што потым адбылося, я чакаў. З адной нагой, але да Плошчы дайшоў.

Безумоўна, гэта была падстава. Учора (размова адбывалася 24 жніўня) я сустракаўся з Някляевым і ён сказаў, што рашэнне тады так дзейнічаць прымаў іншы чалавек, імя якога я не буду называць, вы яго і так добра ведаеце. І выказаў версію, што ён ужо тады працаваў на спецслужбы. А я думаю ― не факт. Магчыма, ён проста вельмі разумны і амаральны, і ў яго быў свой хітры план.

Еўрарадыё: Які?

Мікалай Статкевіч: Магчыма, ён думаў: вось, зараз усе кандыдаты альбо зганьбяцца, калі нічога не будуць рабіць, і паставяць крыж на сваёй палітычнай кар’еры, альбо сядуць, калі выканаюць тое, што абяцалі па тэлевізары, і павядуць людзей на Плошчу. І тут варыянт: мы пойдзем на сутычку з ДАІ, нас затрымаюць, адміністратыўны арышт, пасля якога мы выйдзем белыя і пухнатыя і скажам: “А ў нас быў план!” Але ж ёсць Статкевіч, які можа такое замуціць, пасля чаго іншыя не зганьбяцца, а гэтым скажуць: “А вы чаму не дайшлі?” І таму мяне выцягнулі адтуль да сябе. Толькі я ўсё адно да Плошчы дайшоў. І яшчэ: думалі, што будзе звычайнае затрыманне, але складальнік гэтага хітрага плана відавочна ў войску не служыў і не ведае, што такое салдат перад боем. Байцы некалькі гадзін сядзелі ў аўтобусах, іх калаціла, адрэналін. Яны выскокваюць з вылупленымі вачыма: гэта рухаецца ― лупім гэта. І атрымалася, што ледзь не забілі кандыдата. Іншае ― я не сказаў бы, што гэты чалавек цяпер не працуе на спецслужбы. Зрабіць публічную заяву аб уласнай здрадзе па тэлевізары, маральна сябе распляжыць ― гэта апошняя ступень маральнай здрады. Перадапошняя ― падпісаць паперку аб супрацоўніцтве. Там было шмат людзей, якія паперку падпісалі, але адмовіліся выступаць публічна. І потым публічна ў гэтым прызналіся. А тут жа чалавек сказаў і “А”, і “Б”. Вось толькі я не разумею: чаму вы нас мэтанакіравана вяртаеце ў тыя скандалы пяцігадовай даўніны: вы так любіце скандалы, ці чаму?

Еўрарадыё: Вельмі проста: мы, журналісты, неаднаразова спрабавалі даведацца ад кандыдатаў, што тады адбылося на Плошчы, чаму ўсё пайшло менавіта так, хто вінаваты. І я, і мае калегі не раз чулі: “Мы б усё расказалі, але адзін з кандыдатаў яшчэ за кратамі і мы не хочам яму зрабіць горш”. Вы на свабодзе, і хочацца нарэшце ведаць праўду!

Мікалай Статкевіч: Я ўсю праўду расказаў у сваім апошнім слове на судзе. І не трэба было мяне шкадаваць! Я ж сам у судзе сказаў: “Гэта я! Я сказаў: На Плошчу!”, павёў людзей на Плошчу Незалежнасці, размясціў іх там. Бо я спыняў злачынства. Меншым злачынствам спыняў злачынства большае ― у нас скралі краіну яшчэ на 5 гадоў! Што адбылося, паламалі двое дзвярэй і вытапталі 5 кустоў? Ці тыя цяжка параненыя праваахоўнікі: у аднаго гематома на ягадзіцы, а ў другога ― на ўнутраным баку сцягна! Смех: “Хто разбіў дзверы? Хто загадаў?” Людзі самі вырашылі. Следства не знайшло ніякай сувязі людзей ля дзвярэй Дома Ураду з апазіцыяй. Людзі павінны ганарыцца тым, што адбылося 19 снежня: яны ўпершыню паказалі, што іх дастала. Яны выйшлі на вуліцу і маленькая група людзей зрабіла гэты сімвалічны крок. Хаця б для пачатку. Я назваў гэтых людзей героямі.

Еўрарадыё: Усё ж атрымліваецца, што гэта вы арганізавалі Плошчу?

Мікалай Статкевіч: Чым і ганаруся ― маю права на гэта. Людзі нашы па Канстытуцыі маюць права на публічныя акцыі. А тым больш, маюць права на пратэст у выпадку фальсіфікацый. Але я ніколі не заклікаў нападаць, біць “служкаў злачыннага рэжыму”. Я сам служыў і ведаю, што гэта звычайныя салдаты і афіцэры, якія выконваюць патрэбную грамадству, але цяжкую і часам непрыемную працу. Таму гэты наш пратэст быў мірным. Я даўно казаў, не хапала яшчэ тут нам расійскіх танкаў, якія нас паміраць! Менавіта таму я шмат разоў разварочваў дэманстрацыі перад ланцугом салдат. Тое, што здарылася ва Украіне, заўсёды ў мяне ў галаве. Галоўнае, усё ж захаваць дом, а потым наводзіць у ім парадак. Лепш я прасяджу за кратамі лішнюю колькасць гадоў, чым па маёй віне мы згубім дзяржаву. Што, калі б я хацеў узяць той Дом Ураду, то я б яго не ўзяў падрыхтаваўшыся? Ну, смешна. Але не хацеў, каб людзі пацярпелі. Яны пацярпелі, але на шчасце ніхто не загінуў. Я разумею: свабода каштуе ахвяр і кожны сам выбірае, ці ісці яму на гэта, але вельмі такога не хацелася. Ужо лепш хай мяне, я гатовы заплаціць ― гэта мой прынцып.

Еўрарадыё: А што зменіць ваша ахвяра?

Мікалай Статкевіч: Заўжды патрэбны прыклад. Людзі зразумеюць каштоўнасць свабоды толькі калі будуць бачыць, што за тую свабоду нехта гатовы ахвяраваць сабой. І ведаеце, хлопцы маладыя, якія выйшлі ў адзін дзень са мной, гэта, магчыма, нават больш важкі прыклад, чым я. Я для новага пакалення — дзядуля. А тут — хлопцы маладыя, не кандыдаты нейкія, але якая годнасць, якая мужнасць! Нацыі без герояў не бывае. Калі няма гатовых ахвяраваць, то нацыі няма, значыцца, нас прыдумалі. Праўда, сам я ніколі не хацеў быць героем, хацеў быць і застацца сумленным чалавекам.

Еўрарадыё: Няма адчування, што іншыя лідары не вельмі рады вашаму вызваленню?

Мікалай Статкевіч: Ёсць адчуванне, што ў апазіцыі няма плана. І мы разам з тымі лідарамі, якія не пайшлі ў выбарчы цырк Лукашэнкі на падтанцоўку, пачынаем разам шукаць гэты план. Я два дні на волі, але замест таго, каб недзе на лузе ў траве паляжаць, мы выпрацоўваем гэты план, спяшаемся. У мяне ёсць “тыдзень славы” на тое, каб гэты наш план давесці да як мага большай колькасці людзей як у Беларусі, так і за мяжой.

Еўрарадыё: Ваша бачанне гэтага плана?

Мікалай Статкевіч: Пра тое, што выбараў няма, мы можам казаць ужо сёння ― нават да моманту рэгістрацыі кандыдатаў. Бо ўжо сфабрыкаваны спіс кандыдатаў: штучна ў яго ўключаныя лаяльныя да ўлады кандыдаты, функцыя якіх пасля выбараў прызнаць іх законнасць і легітымнасць. Яны не сабралі тыя подпісы, якія ім прыпісваюць. Не ведаю толькі пра праўдзівасць подпісаў за кандыдата, падтрыманага Партыяй БНФ. І зараз ці то байкатаваць гэтыя выбары, ці то падтрымліваць нейкага кандыдата ― гэта прызнаць, што да пэўнай ступені выбары ў краіне ёсць. І нам нічога не застаецца, як патрабаваць адмены гэтых выбараў і пачатку ўсяго працэсу з першай кропкі.

Еўрарадыё: Што было самае страшнае за гэтыя амаль 5 гадоў зняволення?

Мікалай Статкевіч: Не люблю слова “страшнае”, сказаў бы ― цяжкае. Цяжка далася галадоўка, бо ўсё ж ужо не 20-гадовы юнак. Такая нудная справа, замарыць сябе голадам! У калоніі цяжкай была сама атмасфера подласці і нізасці.

Еўрарадыё: Чым Мікалай Статкевіч узору 2009 года, да прыкладу, адрозніваецца ад Статкевіча сённяшняга?

Мікалай Статкевіч: Я стаў на 5 гадоў старэйшым! Ну, я шмат трэніраваўся, хоць там і не было звыклых трэнажораў, працаваў над маўленнем, англійскую мову троху падцягнуў. Стаў больш дасведчаны ў плане турэмнага вопыту, якога лепш бы не мець. І яшчэ ў мяне ў турме адбылося назапашванне энергіі.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі