Стаў вядомы надпіс на пячатцы Еўфрасінні Полацкай

Стаў вядомы надпіс на пячатцы Еўфрасінні Полацкай, якую нядаўна знайшлі на раскопках у Полацку. Дарэчы, як інфармуе БелаПАН, на тэрыторыі Свята-Еўфрасінеўскага манастыра знайшлі дзве пячаткі. У адной з іх удалося распазнаць актавую пячатку славутай беларускай асветніцы.

Адзначаецца, што каштоўная знаходка ў добрым стане. На ёй напісана: "Божа, дапамажы рабыні сваёй Еўфрасінні".

"Важнасць гэтай пячаткі ў тым, што гэта першая знойдзеная атрыбутываная пячатка, якая належала Еўфрасінні Полацкай, — адзначыў прарэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Дзяніс Дук. — Яна сведчыць пра ролю Еўфрасінні не толькі як царкоўнага дзеяча, але і як палітычнага лідара… Еўфрасіння была ўнікальнай асобай, якая аб'ядноўвала ў сабе рысы не толькі духоўнага паплечніка, але была і яркім грамадска-палітычным дзеячам. Па сутнасці, па статусе яна была блізкая да князя, біскупа, магла дзейнічаць у нейкія моманты ад іх імя".

Прэзентацыя артэфакта адбудзецца ў Мастацкай галерэі Полацка 4 чэрвеня а 10-й гадзіне.

Еўфрасіння Полацкая (1104 — 1167) — славутая беларуская асветніца, манахіня і ігумення праваслаўнага манастыра. Руская праваслаўная царква прылічыла яе да ліку святых. Дагэтуль працягваюцца пошукі крыжа Еўфрасінні Полацкай, які на яе замову зрабіў Лазар Богша.  

Фота: usebelarusy.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі