Суд па забойстве 8-месячнай дзяўчынкі з Лунінца зрабілі закрытым

Суд па забойстве 8-месячнай дзяўчынкі з Лунінца зрабілі закрытым

Судовы працэс па жорсткім забойстве 8-месячнай дзяўчынкі з Лунінца зрабілі закрытым, паведамляе TUT.by. Гэта зроблена па просьбе яе бацькоў.

Разгляд справы пачаўся 24 верасня ў Брэсцкім абласным судзе. Абвінавачанымі па справе праходзяць 26-гадовая маці дзіцяці і 48-гадовы знаёмы жанчыны. Пацярпелы — бацька дзіцяці. 

З хадайніцтвам зрабіць суд закрытым выступіла абвінавачаная жанчына. Яе падтрымаў муж. "Будзе разбірацца наша асабістае жыццё. Я не хачу, каб гэта выносілася", — патлумачыў Леанід, бацька забітай Ані. 

Пракурор выступіў супраць закрытага пасяджэння, бо на яго думку для гэтага "няма падставаў". Аднак суд прыняў рашэнне закрыць працэс.

Трагедыя адбылася ў Лунінцы ў кастрычніку 2018 года. Бацька дзяўчынкі вярнуўся дадому і знайшоў труп дачкі. У кватэры знаходзіліся 25-гадовая маці дзіцяці Наталля і яе 47-гадовы знаёмы Віктар. Абодва былі п'яныя. Экспертыза выявіла ў крыві ў маці 1,6 праміле алкаголю, у мужчыны — 1,2.

Па версіі абвінавачвання, пара жорстка забіла дзяўчынку. На целе дзіцяці выявілі не менш як 46 траўмаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дзіця абезгаловілі.

Наталлю і Віктара абвінавацілі ў групавым забойстве заведама малалетняга з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі