Сурагатная маці Таццяна атрымае грошы з моманту цяжарнасці

А дзіця перадасць генетычным бацькам у першы дзень выпіскі з раддома 24-гадовая Таццяна з Маладзечна прыйшла ў юрыдычную фірму па сваіх справах, а ёй прапанавалі… стаць сурагатнай маці. Два месяцы таму Еўрарадыё расказвала, як маладая жанчына рыхтуецца да апладнення. Зараз мы вырашылі высветліць, што змянілася за гэты час. Таццяна паспела ўжо зволіцца з працы, і два тыдні таму ёй зрабілі ЭКО. Пра тое, што яна вырашыла стаць сурагатнай маці, ведаюць толькі блізкія людзі.

Таццяна: Канешне, ведаюць мае бацькі, блізкія сяброўкі і блізкія людзі, якія мяне зразумелі, а астатнім, я лічу, не трэба нічога ведаць.
Еўрарадыё: Калі вы станеце цяжарнай, то на 4-5-м месяцы ўжо не зможаце гэтага схаваць. Ужо прыдумалі гісторыю, якую прыйдзецца расказваць навакольным?
Таццяна: Генетычныя бацькі будуць мне здымаць кватэру ў Мінску. Я не буду жыць у сябе дома, і ніхто бачыць мяне не будзе.

Як толькі стане вядома, што ЭКО прайшло ўдала, Таццяна разам са сваім уласным сынам пераедуць у мінскую кватэру (генетычныя бацькі жывуць у сталіцы). На дзевяць месяцаў дзіця ўладкуюць у дзіцячы садок. Такое выйсце жанчыне прапанавалі генетычныя бацькі.

Таццяна: Па-першае, ім будзе так зручна, бо будзе блізка. Па-другое, і лекары, і паліклініка побач, мне гэта таксама зручна.

Зараз генетычныя бацькі наведваюць Таццяну 1-2 разы на тыдзень. Пакуль штомесячную дапамогу (фіксаваная стаўка 300 долараў) ёй не выплочваюць, па дамове яна пачне атрымліваць грошы толькі пасля таго, як стане цяжарнай. Зараз усе вітаміны і лекі аплочваюць генетычныя бацькі. У штомесячную дапамогу не будзе ўваходзіць арэнда сталічнай кватэры. Еўрарадыё запыталася ў Таццяны, ці не хоча яна змяніць хоць адзін пункт у дамове.

Таццяна: Ведаеце, калі мы складалі дамову, мы адразу ж прадугледжвалі ўмовы, якія б хацела бачыць я ў гэтым кантракце, і ўмовы генетычных бацькоў, таму мы прыйшлі да кампрамісу.

На пытанне Еўрарадыё, колькі гадоў людзям, якія пажадалі скарыстацца такой паслугай, Таццяна не можа адказаць: яна падпісала дамову, што не будзе даваць пра іх ніякай інфармацыі. Па яе словах, нягледзячы на ўсе дамовы паміж двума бакамі ўсё ж такі іх звязваюць даверлівыя і сяброўскія адносіны.

Таццяна: Мы маем зносіны як добрыя знаёмыя, і я лічу, што так і павінна быць. Калі паміж намі не будзе такіх адносін проста чалавечных, тады б, мабыць, нічога і не атрымалася.

Пакуль бацькі і Таццяна думаюць толькі пра ўдалае ЭКО. Калі раней жанчына гаварыла, што будзе падтрымліваць адносіны з бацькамі пасля нараджэння дзіцяці, то сёння кажа, што не ведае, як складзецца яе жыццё пасля нараджэння дзіцяці. Дакладна вядома: пасля родаў яна атрымае яшчэ 10 тысяч долараў.

Спачатку ганарар павінен быў скласці 15 тысяч долараў, але пасля сышліся на 10. Фірма “ Суркансалт” з Маладзечна адзіная ў краіне, якая займаецца пошукам сурагатных маці. Усе жанчыны зараз ці рыхтуюцца да апладнення, ці ўжо цяжарныя. Тых, хто нарадзіў, пакуль няма. Дырэктар фірмы Аксана Вайцяховіч расказала Еўрарадыё: ”Як правіла, генетычныя бацькі звяртаюць увагу на стан здароўя жанчыны” , а не на яе выгляд. У фірму звяртаюцца і генетычныя бацькі з блізкага замежжа, але яны працуюць толькі з беларусамі.

Прэтэндаваць на дзіця сурагатная маці не мае права паводле закону, і пры заключэнні дамовы абавязкова агаворваецца, як будзе перадавацца дзіця.

Аксана Вайцяховіч: Гэта абазначана ў самой дамове. Калі па выпісцы з радзільнага дома, значыць, па выдачы даведкі з раддома. У той жа дзень, калі і выдадзена даведка.

За 2007 год кожная жанчына, якая звярнулася ў “Суркансалт”, змагла стаць сурагатнай маці. Усе яны вытрымалі медыцынскі агляд. У фірме ёсць нават псіхолаг, да якога могуць звярнуцца сурагатныя маці. Па словах Аксаны Вайцяховіч, яго паслугамі карыстаюцца няшмат, бо кожная ведае, на што ідзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі