Суседка інваліда са станцыі метро “Уручча”: Ён сляпы, непітушчы, але быў у турме

Суседка інваліда са станцыі метро “Уручча”: Ён сляпы, непітушчы, але быў у турме

Інцыдэнт скалыхнуў мінскую падземку ў пятніцу 18 верасня. Паводле афіцыйнай версіі, да міліцыянтаў паступіла скарга на жабрака, які прасіў міласціну. Мужчына аказаў супраціў. Многія пасажыры метро раз’юшыліся, калі ўбачылі, як на сляпога надзелі кайданкі і пацягнулі за ногі прама па падлозе.

У Мінску Дзмітрыя ведае, напэўна, больш людзей, чым якіх-небудзь малавядомых артыстаў з канцэрта беларускай “Песні года”. Міласціну на станцыях метро ён просіць ужо даўно. Часта пасажыры па душах размаўлялі з Дзмітрыем і распытвалі пра грамадскае ды асабістае. Таму многіх шакіравала карціна, калі людзі ў форме паспрабавалі яго затрымаць. Сляпы, нешчаслівы і бездапаможны чалавек у кайданках успрымаецца інакш, чым калі б у кайданкі закавалі звычайнага здаровага мужчыну.

Пасля сутычкі ў пераходзе распачатая крымінальная справа за супраціўленне міліцыі. Падазраваны — Дзмітрый А. Следчы камітэт высвятляе ўсе акалічнасці здарэння, а таксама “ступень абмежаванасці фізічных здольнасцяў” у мужчыны.

Можа быць, у пераходзе метро Дзмітрый толькі грае ролю інваліда і такім чынам зарабляе грошы? Высвятляем, ці сапраўды ён з’яўляецца невідушчым.

“Я сама яго прыводзіла ад станцыі метро дадому”

Ва Упраўленні сацыяльнай абароны Адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска пра Дзмітрыя нічога не ведаюць. Справа ў тым, што апошні раз афіцыйна ён быў прапісаны ў так званай начлежцы па Ваўпшасава, дзе спыняюцца людзі, якія не маюць пэўнага месца жыхарства.

Затое мужчыне не аднойчы дапамагалі ў паліклініцы №8 ва Уруччы. Крыніцы ў медустанове пацвярджаюць Еўрарадыё, што Дзмітрый А. — інвалід першай групы па зроку.

Выпраўляемся ў шматпавярховік на вуліцы Шугаева, дзе мужчына жыве ў апошнія гады.

Суседка інваліда са станцыі метро “Уручча”: Ён сляпы, непітушчы, але быў у турме

На ўваходзе ў яго кватэру няма дзвярнога вочка. Званок паламаны. З-за старых і хліпкіх дзвярэй брэша сабака. Выглядае, што клапаціцца пра жывёлу няма каму.

Грукаемся ў дзверы да суседзяў.

“Сацыяльным работнікам я ўжо адказала на ўсе пытанні. Ён сляпы, па-сапраўднаму сляпы. Апошнія 10 гадоў — дакладна! Ён не п’яніца. Я сама яго прыводзіла ад станцыі метро дадому. І так яго са станцыі метро да кватэры даводзілі вельмі многія людзі. Шчыльна ён не з кім зносінаў не меў”, — з недаверам адказвае на пытанні Еўрарадыё адна з суседак Дзмітрыя. Незадоўга да візіту журналіста па пад’ездзе гэтак жа прайшоўся міліцыянер.

“З-за чаго Дзмітрый аслеп?” — працягваем цікавіцца ў суседкі.

“Не магу сказаць дакладна. Нібыта ў турме яго ўдарылі, і ён стаў сляпы. Пэўны час тут ён жыў з сястрой і пляменніцай. А потым жыў сам. Некалі яму прапаноўвалі застацца ў інтэрнаце для сляпых, але ён адмовіўся, хацеў сам пра сябе клапаціцца. Ён спакойны, неагрэсіўны хлопец…” — пераконвае суседка.

Пра Дзмітрыя А. распытваем у іншых жыхароў дома. Усе пацвярджаюць, што ён невідушчы і ўсе ведаюць, што ён збіраў міласціну ў метро. Больш негатыўна пра яго выказалася толькі адна жанчына:

“Ён "дзяддомавец". Некалі ён быў неспакойны і нібыта за гэта атрымаў па галаве, страціў зрок. А ў пераходзе ён казаў, што атрымаў раненне ў Афганістане. Хоць яму, як і мне, каля 40 гадоў. Ён не мог ваяваць там у дзіцячым узросце…”

Суседка інваліда са станцыі метро “Уручча”: Ён сляпы, непітушчы, але быў у турме

Не важна, судзімы чалавек, ці не судзімы. Калі я бачу што чалавека штурхаюць нагой і ён скатваецца па лесвіцы, пра які прафесіяналізм можна весці гутарку.

Алег Гайдукевіч, палітык, экс-начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска

Следчы камітэт правярае ўсе акалічнасці здарэння і ў той жа час паведамляе, што мужчына раней быў неаднаразова судзімы за хуліганства да маёмасныя злачынствы.

Падчас патасоўкі, паводле звестак праваахоўнікаў, Дзмітрый укусіў аднаго з міліцыянераў і нанёс супрацоўніку удар левай рукой у скроневую вобласць галавы.

Ці прафесійна дзейнічалі ў пераходзе супрацоўнікі міліцыі? З такім пытаннем звяртаемся да палітыка Алега Гайдукевіча, які яшчэ нядаўна быў кіраўніком Фрунзенскага РУУС Мінска.

“Стаўлюся да іх дзеянняў крайне адмоўна, лічу іх непрафесійнымі. Не важна, судзімы чалавек, ці не судзімы, кусаўся ён ці не. Калі я бачу што чалавека штурхаюць нагой і ён скатваецца па лесвіцы, пра які прафесіяналізм можна весці гутарку, — лічыць Гайдукевіч. — Калі б каманду аб затрыманні ў такой сітуацыі даваў я, то трэба было б надзець кайданкі і культурна-ветліва павесці. Калі чалавек аказвае супраціўленне, затрымліваць яго павінен не адзін чалавек, а некалькі. Ён не Шварцэнэгер, каб там было ўжо такое супраціўленне! Тым больш, калі ён сляпы. Лічу што павінна быць праведзеная службовая праверка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі