Сведку смерці Генадзя Шутава абвінавацілі ў замаху на забойства

СІЗА №1 у Мінску / sputnik8.com
СІЗА №1 у Мінску / sputnik8.com

Аляксандра Кардзюкова, сведку смерці Генадзя Шутава, абвінавацілі ў замаху на забойства. Следства па яго справе ўжо завершанае. Суд можа пачацца ў найбліжэйшыя месяцы. 

"Майму брату чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Здаецца, да 15 студзеня. Цяпер адвакаты знаёмяцца з матэрыяламі, следства скончанае. Адвакаты падалі новыя хадайніцтвы. Яшчэ будуць іх разглядаць. Калі і дзе будзе суд, мы не ведаем. Вядома, хацелася б, каб гэта адбылося ў Брэсце. Мы вельмі на гэта спадзяемся",расказала "Свабодзе" сястра затрыманага Марына.

Генадзь Шутаў быў забіты стрэлам у патыліцу 11 жніўня ў Брэсце. Ён правёў некалькі дзён у рэанімацыі Брэсцкай бальніцы, затым яго на верталёце даставілі ў ваенны шпіталь у Мінску. Шутаў памёр 19 жніўня. Афіцыйная прычына смерці — чэрапна-мазгавы ацёк, агнястрэльныя раненні з нявысветленымі намерамі.

Аляксандр Кардзюкоў быў сведкам падзей познім вечарам 11 жніўня. Падчас канфлікту з нявысветленымі асобамі, які скончыўся агнястрэльным раненнем у патыліцу Шутаву, Аляксандру ўдалося збегчы. Яго затрымалі толькі 14 жніўня. 

Пасля затрымання Аляксандра Кардзюкова перавялі ў СІЗА №1 у Мінску. Як стала вядома "Свабодзе", Аляксандра цяпер абвінавачваюць у замаху на забойства.

Следства афіцыйна скончанае, бакі знаёмяцца з матэрыяламі справы. Калі Аляксандра Кардзюкова ў судзе прызнаюць вінаватым па новым артыкуле, яму можа пагражаць пакаранне аж да смяротнага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі