Сволач, падла і пан: інтэрв'ю з БЧБ-камбайнерам і мужчынам, які данёс на яго
Генрых Засімовіч — інжынер, фермер-бунтар, у зале суда / harodniaspring.org
Нядаўна "Кібер-Партызаны" ўзламалі базу звестак выклікаў дзяжурнай службы 102. Хакеры апублікавалі больш за дзве тысячы даносаў ад "неабыякавых грамадзян", дзе тыя скардзяцца і закладваюць пратэстоўцаў — калег, знаёмых, сваякоў.
Сярод даносаў быў і такі: "Па вёсцы на камбайне ездзіць Засімовіч Генадзь з бел-чырвона-белым сцягам". Закладная выклікала рэзананс у сацсетках, а Еўрарадыё даведалася пра сутнасць здарэння непасрэдна ад даносчыка і самога камбайнера.
"Калі гэта бела-чырвоны, значыць, гэта ўжо сволач!"
— Я ехаў на машыне дадому, а ён ехаў на поле ўбіраць грэчку і на камбайне паставіў гэты сцяг бела-чырвоны. Ну і паехаў, як дурань. Гэта асабіста я паведаміў і не хаваю. Таму што маіх сваякоў гэтыя белапалякі ў час вайны забілі. І вось гэтая ўсякая падла з бела-чырвонымі... таму я гэтых фашыстаў... — не можа стрымаць эмоцыі ў размове з Еўрарадыё мужчына, які данёс на БЧБ-камбайнера.
Пытаемся: дык а чым даносчыку не дагадзіў зямляк? Толькі тым, што сцяг на тэхніку прыстасаваў?
— Бэнээфавец! На дзяржаву [дрэнна адгукаецца. — Еўрарадыё], маўляў, у Польшчы людзі жывуць, а ў нас прападаюць. Хоча, каб, як у Польшчы, датацыі фермерам і ўсё астатняе. А сам аматар таго, каб за чужы кошт. Але ж ганару колькі! А як жа — пшэк, пан!
Ад пачатку калі гэта бела-чырвоны, значыць, гэта ўжо сволач! Таму стаўленне павінна быць адно!
А што рабіць з беларусамі, у якіх іншая грамадзянская пазіцыя? Высяляць?
— А навошта высяляць? Проста забараніць [БЧБ-сімволіку. — Еўрарадыё], і ўсё. Парушыў — артыкул! Нават калі ў Германіі ёсць пакаранне за фашысцкую сімволіку, то чаму ў нас да гэтага часу не прынялі?!
"Пан" Генрых Засімовіч
Завуць камбайнера-бунтара Генрых Засімовіч, жыве ён у вёсцы Сялявічы Слонімскага раёна. Тут жа знаходзіцца фермерская гаспадарка "Бікевічы", якую мужчына заснаваў у 2005 годзе.
— Пасля выбараў 2020-га паставіў на камбайн сцяг. Такім чынам, скажам так, выказваў сваю пазіцыю, — расказвае Еўрарадыё фермер. — На камбайне сцяг прабыў з жніўня да лістапада 2020-га.
І вось у лістападзе я ехаў на сваё поле. Па дарозе сустрэў гэтага чалавека [даносчыка. — Еўрарадыё], ён мяне абагнаў на машыне. Крыху пазней мне тэлефануе сын: здымай сцяг, прыязджала міліцыя, пыталася, куды ты знік.
Потым участковы прыехаў на поле, склаў пратакол, маўляў, што гэта маё поле, мой камбайн, мой сцяг. Злачынства ніякага, як аказалася, няма, проста ім паступіў сігнал, і яны, скажам так, адпрацоўваюць яго. Сцяг здымаць я адмовіўся і працаваў далей.
Цяпер з БЧБ-сцягам на камбайне Генрых не ездзіць: жонка мужчыны схавала палотнішча ад граху далей. А каб пашыць новы, у мужчыны няма ні матэрыялу, ні часу.
"Ніхто ў райвыканкаме не хоча, каб вы забагацелі"
У Генрыха Засімовіча ёсць 45 гектараў поля, размешчанага за дзесяць кіламетраў ад Сялявічаў. У распараджэнні ў фермера сельгастэхніка — камбайн, трактар, плугі, сеялка, пагрузчык, — якой ужо даўно за трыццаць гадоў.
— Купіць новую тэхніку няма грошай. Нават у лізінг не ўзяць — умовы не тыя, — кажа мужчына. — Па законе можна атрымаць дапамогу ад дзяржавы. Але колькі я ні звяртаўся ў раён — мне ўсе адмаўляюць. Тэхніку б/у ў дзяржгаспадарках лепш спісаць, парэзаць на металалом, а табе ніхто нічога не дасць.
Як сказаў пару гадоў таму адзін начальнік, "Адольфавіч, ніхто тут, у райвыканкаме, не хоча, каб вы забагацелі, купілі джып і нам дулі паказвалі праз акно". Ідзі, маўляў, купляй. А дзе ты тут купіш, калі грошай амаль няма? Досыць толькі на "падтрымку штаноў".
Але вось мужчына, які паскардзіўся ў міліцыю, называе Генрыха "панам". Адкуль такое стаўленне?
— Таму што я адзіны фермер у нашай мясцовасці. Больш ніхто тут не займаецца фермерствам. "О, ды ты пан, ты пан!" Ведаеце, у іх проста нейкая хібная псіхалогія і філасофія. Чалавека я гэтага ведаю, але толку з ім гаварыць? Што ты яму скажаш?
"Сядзець і маўчаць — гэта не выйсце"
А навошта наогул фермеру палітыка? Сцягі, праблемы з міліцыяй — навошта гэта ўсё?
— У 1999-м у Гродне была палітычная акцыя. Я таксама там быў, потым адседзеў суткі. І калі выходзіў, мне адзін начальнік сказаў: "Што вы тут ездзіце? Мы вас больш у Гродна не пусцім, ідзіце зямлю капайце!" — успамінае Генрых. — І вось тады я вырашыў даказаць, што гэтая сістэма ніколі не будзе дапамагаць людзям, якія нешта робяць самастойна, думаюць самастойна і да нечага імкнуцца. А нічога не казаць, сядзець і маўчаць — гэта не выйсце.
Мужчына, які заклаў Засімовіча, згадаў, што фермер знаходзіцца ў БНФ. Аказваецца, Генрых Адольфавіч сапраўды калісьці пачынаў палітычны шлях у Беларускім народным фронце.
— Калі там пачаўся раскол, то я і выйшаў. Слухаў вось нядаўна Зянона Пазняка, што ён тут казаў наконт Ціханоўскай. Нешта не тое ён кажа. Разумееце, ён там, за мяжой, а мы тут. Ну што ты там сядзіш? Прыязджай, станавіся кандыдатам. А сядзець і думаць, што ён больш за ўсіх ведае, — я лічу, гэта няправільна.
Калі Пазняк прыедзе, то відавочна, што будуць праблемы з уладамі. Можа быць, нават пасадзяць.
— Усіх садзяць. Дыктатура такая, якая яна ёсць, што ты хочаш? Можа, трэба трохі і пасядзець?
У 2020 годзе Генрыха Засімовіча судзілі. Мужчына праходзіў па сумна вядомым артыкуле 23.34 КаАП, цяпер артыкул 24.23. Яму ставілася ў віну тое, што ён браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, які адбыўся 25 кастрычніка ў Слоніме каля помніка Льву Сапегу. Вынік — штраф 5 базавых велічынь (135 рублёў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.