Святлана Алексіевіч стала ганаровым доктарам Свабоднага ўніверсітэта Бруселя

Святлана Алексіевіч / TUT.BY
Святлана Алексіевіч / TUT.BY

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч стала ганаровым доктарам Свабоднага універсітэта Бруселя, паведамляе "Радыё Свабода".

Аб прысваенні тытула абвясцілі падчас цырымоніі "Дзень пераменаў", якая штогод праходзіць ва ўніверсітэце з нагоды Міжнароднага дня свабоды друку. У гэтым годзе цырымонія была прысвечана жанчынам у журналістыцы.

Святлана Алексіевіч звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства па відэасувязі. Яна сказала, што "ў 1990-я гады, калі мы вучыліся прамаўляць услых на вуліцах і плошчах некалі забароненае слова "свабода", нам здавалася, што свабода — гэта свята, якое прыйдзе вельмі хутка, ён ужо за рогам". Але потым аказалася, што гэта яшчэ і "развал, хаос, войны на ўскраінах імперыі, гэта народ, які зняверыўся ў нас і ў самім слове "свабода", пачаў баяцца гэтага слова".

Тады стала зразумела, што свабода — гэта доўгі шлях і вялікая праца. Алексіевіч прызналася, што яе ўразіла, як хутка на постсавецкую прастору вярнуліся сталінскія практыкі — "як быццам не было гэтых трыццаці гадоў спробы свабоды, размоў пра свабоду, кніг пра свабоду".

Але яна перакананая, што патрэба ў свабодзе зусім не знікла — рэвалюцыя сышла з вуліц, але засталася ў галовах.

"Тыя маладыя людзі, якія сёння супрацівяцца — яны даб'юцца свабоды. Гэтая свабода прыйдзе, бо сучаснага чалавека ўжо нельга зрабіць несвабодным", — лічыць Нобелеўскі лаўрэат.

Аказалася, яна не дапісала гісторыю "чырвонага чалавека", цяпер вымушана яе працягнуць.

"Камунізм не памёр. Ён выйшаў, каб даць нам апошні бой. І ўжо нашы дзеці і ўнукі разам з намі супраціўляюцца яму. І я зноў пішу новую кнігу...", — сказала Святлана Алексіевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі