Святлана Ціханоўская: Мае лісты не даходзяць
6 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з беларусамі ў Варшаве. Пасля яе Еўрарадыё задало лідару дэмакратычнага руху некалькі пытанняў. Між іншым пра тое, ці ўдаецца ліставацца з мужам Сяргеем Ціханоўскім, які за кратамі ў Беларусі з траўня 2020 года.
"Вы ведаеце, мае лісты не даходзяць увогуле ні да каго за ўвесь гэты час, — кажа Ціханоўская. — Да яго не дайшло ніводнага".
Па словах Святланы Ціханоўскай, яны перадаюць толькі "кароткія паведамленні праз адваката". І гэта "пытанні здароўя, пра дзетак". "Мы не можам гаварыць ні пра палітычныя дзеянні, ні як суд ідзе, нічога такога. Толькі вось мінімум інфармацыі даведваюся", — распавяла Еўрарадыё Ціханоўская.
Ужо больш за год Святлана Ціханоўская жыве з дзецьмі за мяжой. Закрыты суд над Сяргеем Ціханоўскім праходзіць у Гомелі. Яго абвінавачваюць у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.