Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце. Пра што яна гаварыла?
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
25 жніўня экс-кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце. У сваёй васьміхвіліннай заяве палітык расказала пра фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах, гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і намер весці перамовы з уладай.
Дэпутат Еўрапарламента Дэвід Макалістэр, прадстаўляючы Святлану Ціханоўскую, выказаў павагу палітыку за яе храбрасць:
— Вы заслугоўваеце вялікай павагі за храбрасць, якую прадэманстравалі падчас прэзідэнцкай кампаніі. Вы натхнілі беларусаў паверыць у дэмакратычныя змены, у тое, што іх галасы будуць пачутыя і сумленна палічаныя.
Святлана Ціханоўская пачала выступленне з напаміну пра незаконныя затрыманні і збіццё мірных пратэстоўцаў у Беларусі.
— Улады выкарыстоўваюць тактыку страху, запалохвання, пагроз. Па меншай меры шэсць чалавек забітыя, дзясяткі прапалі. І гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы, — заявіла Ціханоўская.
Таксама палітык нагадала пра тое, што назіральнікі АБСЕ не былі запрошаныя на прэзідэнцкія выбары, а вынікі галасавання не прызнаюцца ні беларусамі, ні замежнай супольнасцю. На гэтай глебе ў краіне адбываюцца беспрэцэдэнтныя па сваіх маштабах акцыі пратэсту, і людзі не плануюць здавацца, лічыць Ціханоўская:
— Мы больш не апазіцыя, мы большасць. У Беларусі адбываецца мірная рэвалюцыя. Яна не прарасійская і не антырасійская, не праеўрапейская і не антыеўрапейская. Гэта дэмакратычная рэвалюцыя, жаданне нацыі свабодна выбіраць лідара і вырашаць свой лёс. Рэвалюцыя ў Беларусі — гэта не жорсткая рэвалюцыя, а мірная барацьба людзей за свабоду, годнасць і самавызначэнне. Я заклікаю ўсе краіны свету паважаць наша права на самавызначэнне, паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
Па словах Ціханоўскай, патрабаванні беларусаў простыя — свабодныя і сумленныя выбары. Каб дамагчыся гэтага мірным шляхам, экс-кандыдатка ў прэзідэнты гатовая супрацоўнічаць з уладамі.
— Каб садзейнічаць у пераходны перыяд, я стварыла нацыянальны каардынацыйны савет, які ўключае ўсе пласты беларускай грамадзянскай супольнасці і ўсе бакі палітычнага спектру. На жаль, улады адказалі пагрозамі супраць членаў савета. Нават у адрас нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч.
Мы патрабуем паважаць нашы правы, вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць гвалт. Беларусы заслугоўваюць лепшага. Еўропа заслугоўвае лепшага, — рэзюмавала Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.