Сямёра беларусаў выступяць на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе

У Нью-Ёрку 31 жніўня стартуе чацвёрты ў сезоне тэнісны турнір серыі "Вялікага шлёма" — адкрыты чэмпіянат ЗША. На корты "Флэшынг Мэдоўз" выйдуць і сем прадстаўнікоў Беларусі. Як адзначае БЕЛТА, у першым крузе жаночага адзінкавага разраду найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (8-ы нумар сусветнага рэйтынгу) згуляе з румынскай тэнісісткай Аляксандрай Дулгеру (78). Вольга Гаварцова (64) сустрэнецца з прадстаўніцай Індыі Саняй Мірзай (71), а Настасся Якімава (88) мае правесці паядынак з амерыканкай Ваняй Кінг (124).

У парным разрадзе Вікторыя Азаранка разам з расіянкай Верай Званаровай на старце згуляе з украінскімі сёстрамі Аленай і Кацярынай Бандарэнка. Вольга Гаварцова ў дуэце з расіянкай Алай Кудраўцавай сустрэнецца з парай Мелінда Шынк (Венгрыя) — Наталі Грандзін (ПАР). Кацярына Дзегалевіч і чэшка Рэната Варакова будуць супернічаць з Саняй Мірзай (Індыя) і Франчэскай Ск'явонэ (Італія). Дар'я Кустова і Акгуль Аманмурадова з Узбекістана сустрэнуцца з польскім тандэмам Клаўдыя Янс — Аліцыя Расольска, а Таццяна Пучек разам з украінкай Марыяй Карытцавай падужаюцца з Таццянай Малёк і Андрэа Петкавіч з Нямеччыны.

У мужчынскім парным разрадзе беларус Максім Мірны разам з ізраільцянінам Эндзі Рамам у першым матчы сустрэнецца з амерыканскім дуэтам Эрык Буторак — Скот Ліпскі.

Адкрыты чэмпіянат ЗША, агульны прызавы фонд якога сёлета складае амаль $10 млн, завершыцца 13 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі