Сяргей Гурэнка — госць жывога эфіру, у якім падводзім вынікі чэмпіянату
У нядзелю, 26 лістапада скончыўся адзін з найскладанейшых чэмпіянатаў Беларусі па футболе. Упершыню за многія гады інтрыга трымалася да апошніх секунд турніру! І толькі ў дададзеныя хвіліны БАТЭ здолеў зраўняць лік з “Гарадзеяй” і тым самы вырваць чэмпіёнства ў мінскага “Дынама”. У выніку, барысаўчане 12-ы раз запар сталі чэмпіёнамі краіны.
“Мне сорамна за наш чэмпіянат. Але ён прайшоў так, таму што з'явілася канкурэнцыя. Таму што два клубы склалі канкурэнцыю БАТЭ. Не было б яе — была б цішыня, жылі б як у балоце,” — гэта самыя мяккія словы трэнера дынамаўцаў Сяргея Гурэнкі пра сёлетняе першынство.
За некалькі тураў да заканчэння чэмпіянату з БАТЭ былі звязаныя некалькі скандалаў. Клуб пазбаўлялі трох ачкоў па “справе Верамко”, потым балы вярталі. Нападаючы Віталь Радзівонаў забіваў гол з дапамогай рукі, а суддзі гэтага не заўважалі. Былі праколы і ў “Дынама”, калі клуб згубіў ачкі ў матчы з аўтсайдарам “Славіяй”.
Пра ўсё гэта мы паразмаўляем у жывым эфіры Еўрарадыё з галоўным трэнерам “Дынама” Сяргеем Гурэнкам.