Сяргей Міхалок: Кіраўніцтва Мінгарвыканкама запрасіла мяне вярнуцца на Радзіму

Сяргей Міхалок: Кіраўніцтва Мінгарвыканкама запрасіла мяне вярнуцца на Радзіму

Лідар гурта Brutto Сяргей Міхалок размясціў у сеціве відэазварот, у якім распавядае пра размову з чыноўнікамі наконт канцэрта ў Мінску.

“Кіраўніцтва Мінгарвыканкама ўрачыста запрасіла, ветліва прыняло нашага прадзюсара Антона, — узрушана кажа Міхалок. — Яму паціснулі руку і сказалі, што ўжо даўно чакаюць гурт Brutto ў горадзе-героі Мінску. Мяне, Зелю (актрыса Святлана Зелянкоўская, жонка Міхалка, — Еўрарадыё) і Макара (сын Святланы і Сяргея, — Еўрарадыё) запрасілі вярнуцца на Радзіму і разам будаваць новую дэмакратычную еўрапейскую Беларусь. Мы прайшлі праверку ўсіх сілавых структур і ведамстваў, праверку тэкстаў і ідэалогій, і о цуд, да Brutto няма прэтэнзій, Brutto — чысты дыямент”.

Тым не менш, Сяргей адзначае, што засталіся яшчэ людзі ў акулярах, якія не разумеюць, наколькі важна для сучаснай Беларусі правесці канцэрт яго гурта. Музыка прапануе ім не чакаць загадаў зверху і тэлефанаванняў кіраўніцтва, а проста паставіць свае рэзалюцыі і пячаткі на неабходных дакументах. Бо, маўляў, канцэрт Brutto ў Мінску ўжо не спыніць. З чым Міхалок і віншуе сваіх прыхільнікаў.

Раней паведамлялася, што дакументы на выступ музыкаў у Палацы Спорту пададзеныя на 27 траўня. Але гастрольнае пасведчанне дагэтуль не атрыманае.

Днямі Мінгарвыканкам не дазволіў вялікі канцэрт "Каго любіш? Люблю Беларусь", які планаваўся на 25 сакавіка і ў якім мусілі браць удзел Лявон Вольскі і "Крамбамбуля", Neuro Dubel, Akute, Dzieciuki, Vinsent, Vuraj, "Крама" ды іншыя зоркі беларускага року. Афіцыйнай прычынай адмовы стала "ўцечка этыленгліколю", якая адбылася ў Палацы спорту яшчэ 21 лютага. Па чутках, менавіта этыленгліколь стане прычынай адмовы ў канцэрце і Brutto.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі