Сяргей Вазняк: Да кожнага абвінавачванага быў персанальны падыход
Актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Сяргей Вазняк у жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў сённяшнюю заяву Алеся Міхалевіча наконт катаванняў у СІЗА КДБ.
"Катаванні у фізічным сэнсе да мяне не ўжываліся. У гэтым плане няма прэтэнзій да следчых і адміністрацыі СІЗА. Іншая рэч — самі ўмовы ўтрымання цяжкія. Напрыклад, калі ў двухмясцовай камеры мы знаходзімся ўшасцярых, напэўна, паводле міжнародных правілаў гэта можна аднесці да катаванняў. І мне было кепска гэтак жа, як і астатнім зняволеным, не персанальна", — расказаў Вазняк.
Ён пагадзіўся, што ў плане ўмоваў утрымання падследных Міхалевіч падняў важную праблему: гэтыя ўмовы трэба паляпшаць.
Вазняк падкрэсліў, што яму прапановаў аб супрацоўніцтве з КДБ, як і аб публічным асуджэнні лідараў апазіцыі, не рабілася. "Верагодна, да кожнага абвінавачванага быў персанальны падыход", — адзначыў ён.
Фота: Народная Воля