Сяргей Яромка ўзначаліў моладзевую зборную Беларусі
Моладзевую зборную Беларусі (U-21) па футболе ўзначаліў Сяргей Яромка. Такое рашэнне прыняло 26 чэрвеня бюро выканкама Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", паведамляе яе прэс-служба. На гэтай пасадзе ён змяніў Міхаіла Мархеля.
52-гадовы мінчук лічыцца адным з найлепшых нападнікаў у гісторыі суверэннай Беларусі. Яромка правёў у вышэйшай лізе 185 матчаў, адзначыўшыся 103 галамі. У 1996 годзе ён заваяваў чэмпіёнскае званне і Кубак краіны ў складзе мазырскага МПКЦ. Мае ў актыве адзін матч у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі.
Трэнерскую кар'еру спецыяліст пачаў у сталічным СКАФ у 2001 годзе, потым працаваў у мінскіх клубах "Лакаматыў", "Дынама" і "Змена". У 2012-м узначаліў бабруйскую "Белшыну", з якой адпрацаваў два сезоны.
З 2014 года Яромка быў галоўным трэнерам ФК "Гарадзея". У 2015 годзе ён упершыню ў гісторыі вывеў клуб у элітны дывізіён.