Сярод віцебскіх браканьераў, затрыманых у сакавіку, была "службовая асоба"
"Закрыты клуб" паляўнічых
Справу аб паляванні з верталёта на дзікіх жывёл, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу, у Віцебскай вобласці перадалі ў пракуратуру для накіраванне ў суд. Расследаванне завяршылася, паведамілі ў Следчым камітэце.
Нагадаем, у сакавіку гэтага года за незаконнае паляванне ў рэгіёне сілавікі затрымалі 19 чалавек. Было выяўлена, што яны забілі мядзведзя.
Следчыя высветлілі, што "для рэалізацыі свайго злачыннага намеру мужчыны выкарыстоўвалі верталёт "Мі-2", арандаваны ў Віцебскай ААС ДТСААФ". У сакавіку мэтай браканьераў стаў буры мядзведзь. Двое паляўнічых стралялі ў яго з паветра, зрабілі каля дзясятка стрэлаў са стрэльбы. Жывёла загінула. Пасля гэтага мужчыны разабралі здабычу і забралі мяса дадому.
Таксама было выяўлена, што браканьеры рабілі незаконныя вылазкі за рэдкімі жывёламі і раней — цягам 2023 года. "Напрыклад, у снежні знаходзячыся разам з кіраўніком палявання, які з'яўляецца службовай асобай і нясе персанальную адказнасць за выкананне патрабаванняў правілаў палявання, мужчыны высачылі трафейнага лася", — расказалі ў СК. Жывёлу забілі, мяса падзялілі. Усяго следчым вядома, што фігуранты высачылі і забілі не менш за 6 жывёл: бурага мядзведзя, чатырох ласёў, з якіх адзін трафейны, і чырвонакніжную саву. Агульная шкода навакольнаму асяроддзю складае каля 90 тысяч беларускіх рублёў.
З 19 затрыманых чалавек толькі пяцёра ўваходзілі ў асноўную групу. Астатнія паляўнічыя далучаліся на іншых этапах. Гэта быў свайго роду "закрыты клуб" паляўнічых. У часткі фігурантаў не было дазволу на захоўванне агнястрэльнай зброі і паляванне. І кіраўнік палявання, які знаходзіўся разам з браканьерамі, пра гэта ведаў. 13 фігурантам гэтай справы выставілі абвінавачванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.