Сёння адбудзецца онлайн-канцэрт памяці Вітольда Ашурка

Вітольд Ашурак / spring96.org
Вітольд Ашурак / spring96.org

29 траўня адбудзецца онлайн-канцэрт памяці палітвязня Вітольда Ашурка. У ім возьмуць удзел Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Дзянісаў і іншыя музыкі.

"За 50 гадоў Вітольд многае паспеў. У тым ліку для захавання гістарычнай памяці. Разам са сваімі паплечнікамі ён аднавіў месцы, звязаныя з паўстаннем Каліноўскага, усталяваў крыжы на месцы пахавання паўстанцаў і паставіў помнік невядомым паўстанцам.

Гэта вялікая страта для Беларусі. Мы ўпэўненыя, што вінаватыя ў гэтай смерці абавязкова атрымаюць сваё", — піша Фонд культурнай салідарнасці, які ладзіць канцэрт.

Усе грошы, сабраныя падчас трансляцыі, пойдуць сям'і загінулага. Пачатак — а 20:00.

Вітольд Ашурак нечакана памёр у шклоўскай калоніі 21 траўня. Сваякі атрымлівалі супярэчлівую інфармацыю пра прычыну смерці: спачатку ім казалі, што ў Ашурка спынілася сэрца (а з ім праблем ён не меў), пасля ў пасведчанні аб смерці напісалі, што прычына высвятляецца. СК паведаміў, што прызначаная "комплексная судовая медыцынская экспертыза". Супярэчлівая інфармацыя і пра абставіны атрымання траўмы галавы.

Вітольд Ашурок быў асуджаны на пачатку 2021 года на 5 гадоў зняволеньня (за "дзеянні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак" і за "гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да міліцыянта").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі