Сёння беларусы 106-ы раз святкуюць Дзень Волі
Дзень Волі
25 сакавіка 2024 года беларусы ўсяго свету 106-ы раз адзначаюць Дзень Волі.
У гэты дзень у 1918 годзе Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату. Згодна з гэтым дакументам Беларусь абвяшчалася незалежнай дзяржавай.
Доўгі час у ХХ стагоддзі гэтае свята адзначалася толькі беларускай эміграцыяй, а ў БССР святкавалася падпольна. Ад пачатку 1990-х гадоў святкаванне Дня Волі стала публічным. Ладзіліся мітынгі і канцэрты. На святкаванне 75-х угодкаў (у 1993-м) у Беларусь прыязджаў тагачасны старшыня Рады БНР Язэп Сажыч, таксама ў святкаванні прымаў удзел тагачасны старшыня Вярхоўнага СаветаБеларусі Станіслаў Шушкевіч.
На 100-годдзе Дня Волі, у 2018-м, вялікі мітынг і канцэрт адбыліся ў Мінску каля Опернага тэатра.
Апошнія гады пад ціскам палітычных рэпрэсій публічнае святкаванне Дня Волі ў Беларусі не адбываецца. Аднак беларусы замежжа ладзяць шэраг святочных акцый, пра якія Еўрарадыё расказвае ў сваёй афішы.
Еўрарадыё віншуе ўсіх з Днём Волі! Жыве Беларусь!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.