Сёння ў Сочы пройдзе саміт АДКБ
На ім сустрэнуцца кіраўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі ды Таджыкістана.
Яны прымуць удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы пра калектыўную бяспеку. Паседжанне Савета адбудзецца ў вузкім складзе і ў фармаце пленарнага паседжання, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, што на мінулым тыдні прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў, быццам Уладзімір Пуцін сустрэнецца "на палях" з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак 20 верасня памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што асобнай сустрэчы паміж кіраўнікамі Расіі і Беларусі не плануецца.
У той жа дзень Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы арыштаванага ў Мінску гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера. Эксперты мяркуюць, што справа "Уралкалія" будзе абмяркоўвацца ў кулуарах сочынскага саміту.
Фота — military-kz.ucoz.org