Сёння з БАТЭ афіцыйна здымуць 3 ачкі ў чэмпіянаце Беларусі па футболе
Рашэнне дысцыплінарнага камітэта Беларускай федэрацыі футбола па “справе Верамко” набудзе моц цягам дня 13 кастрычніка. З барысаўскага клуба будуць знятыя 3 ачкі (замест 54-х стане 51), у выніку чаго каманда апусціцца на трэцяе месца ў турнірнай табліцы. Адставанне ад “Шахцёра” складзе 5 ачкоў, ад мінскага “Дынама” — 1. І гэта за 6 тураў да заканчэння чэмпіянату краіны.
“Пакуль што рашэнне было абвешчаная вусна, — кажа сябра камітэта УЕФА па статусе і пераходах футбалістаў Сяргей Ільіч. — Таму трэба дачакацца пісьмовага рашэння з матывіровачнай часткай, над якой цяпер працуюць юрысты дысцыплінарнага камітэта. У матывіроўцы будзе абгрунтаванне рашэння”.
Камітэт прысудзіў БАТЭ тэхнічнае паражэнне ў матчы са "Слуцкам" з лікам 0:3. Прычынай стала неправамерная заяўка на гульню запаснога варатара Сяргея Верамко. Гэта азначае, што барысаўскі клуб пазбавіцца трох ачкоў у чэмпіянаце краіны.
Нагадаем, Мінскае "Дынама" і "Слуцк" звярнуліся ў БФФ з нагоды сітуацыі, якая склалася ў матчы БАТЭ-"Слуцк" у 23-м туры чэмпіянату. На гульню 23 верасня, якая скончылася перамогай БАТЭ з лікам 6:0, быў заяўлены варатар барысаўчан Сяргей Верамко. Раней ён быў дыскваліфікаваны на пяць матчаў і аштрафаваны на 1150 рублёў (50 базавых велічынь). Пяць матчаў скончыліся акурат перад паядынкам БАТЭ са "Слуцкам". Але Верамко да таго часу не аплаціў штраф. Згодна з рэгламентам, часовая дыскваліфікацыя аўтаматычна працягвалася да моманту выплаты штрафу.
Калі пачалося разбіральніцтва, БАТЭ заявіў, што Федэрацыя дала няправільныя рэквізіты на аплату, таму Верамко не паспеў адправіць грошы ў тэрмін. Пры гэтым аплата ад футбаліста БАТЭ прыйшла на рахунак БФФ толькі 27 верасня. Футбаліст сцвярджае, што аплаціў штраф яшчэ 22 верасня.
Пасля публікацыі матывіровачнай часткі ў БАТЭ будзе 10 дзён на падачу апеляцыі.