Тэа: Віншаванняў у тры разы больш, чым подпісаў за перагляд вынікаў адбору
Прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2014 распавядае Еўрарадыё пра сваё стаўленне да скандалу ў інтэрнэце, ліста Макса Лорэнса да прэзідэнта і чызкейк.
Макс Лорэнс і ДзіДзюЛя накіравалі адкрыты ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паўплываць на перагляд вынікаў фінальнага адбору прадстаўніка Беларусі на конкурсе “Еўрабачанне-2014”. Еўрарадыё даведалася ў пераможцы Юрыя Вашчука, як ён паставіўся да абвінавачванняў калегаў і шуміхі ў інтэрнэце.
Юрый Вашчук (Тэа): Кожны мае права на сваё меркаванне! Іншая справа — наколькі гэта дарэчы і ці ёсць для гэтага падставы. Асабіста я спрабую не ўнікаць у гэтыя нюансы. Ніколі не цікавіўся тым, хто супраць каго ці за каго. А інтрыгі заўсёды былі. Хоць на гэтым адборы ў нас была сапраўды сяброўская атмасфера. Ну, і не магу сказаць, што зараз адбываецца нейкая шуміха. Да прыкладу, лістоў з віншаваннямі ў тым жа Фэйсбуку я атрымаў у тры разы больш, чым сабрана подпісаў за перагляд вынікаў адбору. Але, шчыра кажучы, мяне гэта цікавіць значна менш, чым дапрацоўка аранжыроўкі і падрыхтоўка нумару.
Еўрарадыё: Напэўна ж, вы спадзяваліся на перамогу! Ці думалі, што можа быць падобная рэакцыя?
Юрый Вашчук: Не! Абсалютна не чакаў перамогі. Сама песня стваралася за два дні да заканчэння прыёму заявак. Ідэя кліпа таксама прыйшла спантанна. Паглядзеў, як рыхтуюцца іншыя канкурсанты, і вырашыў: калі ўжо трапіў у фінал, трэба нешта зрабіць. Сустрэўся са сваім сябрам, які стаў рэжысёрам кліпа, і прапанаваў зрабіць нейкі бюджэтны-бюджэтны варыянт. Проста відэа, каб падтрымаць песню. А нейкая спартовая зацікаўленасць пачалася ўжо толькі падчас прагонаў. Падумаў, а раптам ёсць шанец.
Еўрарадыё: Калегі ды знаёмыя больш падтрымліваюць ці ўсё ж наязджаюць, выказваюць недавер?
Юрый Вашчук: Днямі быў штогадовы прэзідэнцкі прыём, калі збіраліся артысты, спартоўцы... Гэта адзіны выпадак, калі ўсе артысты збіраюцца ў адным месцы ў адзін час. Там мяне ўсе шчыра віншавалі. Пакуль яшчэ не да канца разабраўся з віншаваннямі, якія мне даслалі асабістымі паведамленнямі. Да каментароў ды абмеркаванняў яшчэ не дабраўся і наўрад ці дабяруся, бо ўсё роўна адманіторыць усё не атрымаецца. Дый ці ёсць у гэтым сэнс? Яшчэ да ўдзелу ў “Еўрабачанні” бачыў каментары пад фота ці творчасцю маіх калег і зразумеў, што ёсць людзі, якія жывуць толькі дзеля таго, каб абліць брудам, напісаць нейкую лухту, не больш за тое. Таму я да гэтага несур’ёзна стаўлюся. Цяпер для мяне больш важна заняцца песняй і выйсці са стану лёгкага шоку.
Еўрарадыё: Вашу песню параўноўваюць з трэкам “Blured Lines” Robin Ticke. Ці абапіраліся вы на модных сёння еўрапейскіх музыкаў?
Юрый Вашчук: Ніякай стратэгіі не будавалася! Прычым дэма-версія была запісана даўно, проста не ведаў, каму яе паказаць, бо стылістычна яна крыху не мая. Мне падалося, што акурат для “Еўрабачання” будзе дарэчы і можна паспрабаваць аформіць. Менавіта таму ў апошні момант дапрацаваў: нешта дадумаў, дапісаў куплет... А кіравацца нейкімі трэкамі, нешта адслухоўваць — я гэтым не займаюся. Гэта верны шлях прыйсці да падабенства. А тое, што там нехта піша... Ну, я магу ў любой песні, улічваючы маю прафесію, знайсці не плагіят, але падабенства.
Еўрарадыё: Ці сябравалі вы з Максам Лорэнсам і ці змяніліся цяпер вашы стасункі?
Юрый Вашчук: З Максам я працаваў у праграме “Наперад у мінулае”. Ведаю я яго недзе з 2000-2001-га, з праекту “Зорная ростань”. Магу сказаць, што мы не сябры і ніколі сябрамі не былі, але ў нас былі заўсёды роўныя добрыя стасункі. Таму сказаць, што ў мяне існуе нейкі дух суперніцтва, — абсалютна не! І, дарэчы, калі б атрымалася так, што Максім перамог, я б за яго толькі парадаваўся.
Еўрарадыё: Чаму менавіта чызкейк?
Юрый Вашчук: Тут усё проста! Песня зусім не пра чызкейк. Калі перакласці тэкст, то яна пра тое, што я больш не хачу быць з гэтай дзяўчынай, бо стаміўся ад таго, што яна мяне называе салодкім чызкейкам. Няма ніякага глыбокага сэнсу, гэта звычайная пазітыўная, простая песня. Яна адлюстроўвае мой унутраны стан, настрой. Галоўнае было заставацца такім, які я ў жыцці, падчас выканання.
Еўрарадыё: То бок чызкейк ніякай адметнай ролі ў вашым жыцці не выканаў?
Юрый Вашчук: Хіба толькі прывёў да раставання з дзяўчынай, але не больш (усміхаецца).
Еўрарадыё: Гэта рэальная гісторыя?
Юрый Вашчук: Магчыма, у чымсьці так, а, магчыма, у чымсьці не!