Тэракт у прадмесцях сталіцы Лівана — дзясяткі загінуўшых, сотні параненых
У сталіцы Лівана адбыўся падвоены тэракт. У выніку яго, паводле папярэдніх дадзеных, загінулі 37 чалавек, яшчэ 180 мірных жыхароў параненыя, паведамляюць сусветныя СМІ.
Выбухі адбыліся ўвечары 12 лістапада ў прадмесцях Бейрута на вуліцы побач з будынкам паліцыі. Два тэрарысты-смяротнікі прывялі ў дзеянне выбуховыя прылады, замацаваныя на паясах.
Выбухі прагрымелі з інтэрвалам менш за 10 хвілін. Другі адбыўся ў момант, калі людзі пачалі дапамагаць пацярпелым. Месца здарэння ачэплена ліванскай арміяй і супрацоўнікамі паліцыі.
Па дадзеных некаторых ліванскіх СМІ, на месцы тэракту быў трэці смяротнік, але яго выбуховае прыстасаванне не спрацавала. Паліцыя дадзеныя звесткі афіцыйна не пацвердзіла.
У пачатку тыдня тэрарысты ўзарвалі замінаваны матацыкл у горадзе Эрсаль на сірыйска-ліванскай мяжы. Загінулі восем чалавек. У сераду патруль ліванскай арміі выявіў і абясшкодзіў выбуховае прыстасаваньне ў горадзе Трыпалі на поўначы Лівана.
Фота: REUTERS/ Hasan Shaaban