Топ-5 навін: 21 лютага
Кампанія, якая будуе каля Курапат: Мы маем усе неабходныя дазволы
Каля ўрочышча Курапаты другі дзень працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва пяціпавярховага офіснага будынка. 21 лютага пасля сутычкі актывістаў з будаўнікамі намёт пратэстоўцаў выкідваюць з будаўнічай пляцоўкі. Апоўдні каля будоўлі застаюцца дзяжурыць каля дзесяці актывістаў і некалькі мясцовых жыхароў. Цяпер іх намёт ― за плотам будоўлі. Будаўнікі працуюць, пачынаецца пракладка камунікацый да будучых офісаў…
У Гомелі закончыўся першы ў Беларусі суд па справе "дармаед супраць дзяржавы". Аляксандр Сямёнаў падаў пазоў супраць падатковай інспекцыі. Ён патрабаваў вызваліць яго ад выплаты збору, выдаліць з базы "дармаедаў" яго персанальныя звесткі, а таксама паставіць пытанне аб адпаведнасці дэкрэта №3 Канстытуцыі нашай краіны. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вырашыў, што гэтая справа яму не падсудная. Днямі Аляксандра Сямёнава нечакана выклікалі ў гарвыканкам, дзе паведамілі, што ён вызвалены ад выплаты збору.
На судзе над Уладам Казакевічам, які ўчыніў бойню бензапілой у гандлёвым цэнтры «Еўропа», як сведка выступіў лекар, які аднойчы кансультаваў падсуднага як пацыента псіхіятрычнай лякарні ў Навінках.
Па словах лекара, Казакевічу паставілі дыягназ "умерана дэпрэсіўны эпізод" і "шызоідны разлад асобы". Таксама ён узгадаў, быццам хлопец рабіў дзве спробы суіцыду. Пры супадзенні такіх дыягназаў, дадаў лекар, ёсць верагоднасць паўтору суіцыдаў.
На філалагічным факультэце БДУ распачаўся тыдзень беларускай мовы. На свяце ў Дзень роднай мовы выступілі не толькі дэкан факультэта Іван Роўда, паэт Навум Гальпяровіч, але і беларускамоўная госця з Японіі Сіёры Кіёсава. Сіёры — аспірантка Цукубскага ўніверсітэта, якая два гады вывучала беларускую мову ў БДУ. Цяпер выкладае беларускую мову ў японскім універсітэце. Падчас свайго выступу перад студэнтамі філфака Сіёрэ прачытала ўрывак верша Рыгора Барадуліна і распавяла, чаму беларуская мова стала для яе такой жа роднай, як і японская.
З нагоды дня роднай мовы госцем Еўрарадыё стала іншая замежніца іспанка Анхела Эспіноса, якая самастойна вывучыла беларускую мову. Цяпер Анхела не толькі размаўляе па-беларуску, але і піша вершы на беларускай мове. Яна скончыла “Славянскую філалогію” ў Гранадскім універсітэце, зараз вучыцца ў магістратуры на кафедры Беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
У бліжэйшыя дні ў Беларусі пацяплее. Сіноптыкі кажуць, што надвор'е, якое ўсталёўваецца на нашай тэрыторыі, характэрнае для сакавіка. У пятніцу тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам яшчэ цёплых, але вільготных паветраных мас. Гэта будзе найцяплейшы дзень на гэтым тыдні.