Топ за тыдзень: заняткі ў школах будуць пачынацца ў 9:00
Школы будуць працаваць з 8:00 ці 7:30, але заняткі будуць пачынацца ў 9:00
Мінскія школы пачалі атрымліваць лісты з патрабаваннем пачынаць урокі а 9-й раніцы. Гэтыя лісты сталі дасылаць упраўленні адукацыі адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заклікаў перанесці пачатак заняткаў на гадзіну пазней.
У лістах гаворыцца, што школы, дзе вучацца ў адну змену, мусяць пачынаць урокі а 9-й раніцы. А школы з дзвюма зменамі навучання могуць пачынаць заняткі ці ў 8.30, ці ў 9 гадзін. Прычым, калі кіраўніцтва школы вырашыць пачаць урокі з 8.30, яно мусіць аргументавана патлумачыць сваё рашэнне.
Кіраўнік бабруйскага клуба “Патрыёт” Мікалай Міхалькоў выйшаў на волю.
Мікалая, як і яго сына Яна, затрымалі па "справе патрыётаў". Іх вінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Але Яна выпусцілі з-за кратаў 29 красавіка.
Вядома, што Мікалай Міхалькоў заставаўся апошнім з фігурантаў справы, якому выставілі абвінавачанне толькі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пры гэтым яго не вінавацілі ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.
Беларусь займае другое месца ў свеце па ўзроўню спажывання алкаголю. Гэта вынікае з дакладу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Па дадзеных экспертаў, летась на кожнага жыхара нашай краіны прыпадала 15 літраў алкаголю. Горш сітуацыя выглядае толькі ў Літве.
На сёлетнім конкурсе Еўрабачанне беларускі гурт NAVIBAND заняў 17-е месца з 26-ці.
Максімальныя 12 балаў наша краіна атрымала ад журы Азербайджана і Украіны. Сярод гледачоў найбольшую адзнаку ў 8 балаў беларусам паставілі таксама ўкраінцы.
Тое, чаму іншыя нашы суседзі не прагаласавалі за нас, і чаму беларусы не прагаласавалі за суседзяў, у эфіры Еўрарадыё абмеркавалі тэлепрадзюсар Уладзімір Максімкаў і шоувумэн Ганна Бонд.
Чэмпіянат свету па хакеі ў 2021-м годзе пройдзе ў Беларусі і Латвіі.Такое рашэнне прыняла міжнародная федэрацыя хакея. Яе пасяджэнне прайшло 19 траўня ў Кёльне.
За сумесную заяўку Мінска і Рыгі было пададзена 55 галасоў. Канкурэнцыю нашай заяўцы cкладала Фінляндыя — за яе прагаласавалі 52 дэлегаты.