Траціна перахварэлых на COVID-19 зноў трапляюць у бальніцу — навукоўцы
Шпіталізацыя пацыента з каранавіруснай інфекцыяй / TUT.BY
Каля 30% людзей, якія перахварэлі на COVID-19 ў першую хвалю, зноў вяртаюцца ў клініку на працягу пяці месяцаў. Да таго высновы прыйшлі ў Брытаніі. Даследаванне правялі супрацоўнікі Лестэрскага ўніверсітэта і Нацыянальнага бюро статыстыкі, паведамляе BBC.
Крыху больш за 12% з выбаркі, з якой працавалі навукоўцы, памерлі. У многіх пацыентаў развіліся або абвастрыліся захворванні сэрца, дыябет, хранічныя захворванні печані і нырак.
Гэта значыць, што брытанская статыстыка страт ад каранавіруснай інфекцыі можа быць яшчэ вышэй, робяць выснову навукоўцы. Зараз смерцю ад каранавіруса лічыцца сыход чалавека на працягу 28 дзён пасля пастаноўкі дыягназу.
"Мяркуючы па ўсім, людзі вяртаюцца дадому, у іх развіваюцца доўгатэрміновыя сімптомы, пасля чаго яны зноў трапляюць у бальніцы і паміраюць", — кажа адзін з аўтараў даследавання, прафесар Лестэрскага універсітэта Камлеш Кумлі.
У сувязі з гэтым навукоўцы заклікаюць людзей, якія перанеслі COVID-19, больш уважліва сачыць за станам здароўя.
У Беларусі таксама рэгіструюцца выпадкі паўторнага захворвання каранавіруснай інфекцыяй. Да прыкладу, у пачатку лістапада толькі ў Вілейскім раёне такіх паўторных пацыентаў было 6 чалавек.
Пра тое, што медыкі назіраюць выпадкі паўторнага захворвання COVID-19 у Беларусі, гаварыў і загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Юрый Горбіч. Па яго словах, антыцелы на тэрмін больш за тры месяцы захоўваюцца толькі ў 30-36% перахварэлых. Астатнія ж могуць хварэць паўторна.
Пры гэтым афіцыйная статыстыка Міністэрства аховы здароўя сцвярджае, што ў Беларусі штодзень памірае не больш за 11 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.