Тры мужчыны паранілі нажом прадавачку і абрабавалі краму на Гродзеншчыне
У Карэліцкім раёне Гродзеншчыны нападнікі абрабавалі краму і цяжка паранілі нажом прадавачку.
Як інфармуе прэс-служба МУС, здарэнне адбылося ўвечары 21 лютага. Каля 20-й гадзіны тры мужчыны ўварваліся ў краму ў вёсцы Палоная Карэліцкага раёна. Прадавачку крамы ўдарылі нажом у раёне сэрца. Потым нападнікі забралі касавы апарат з выручкай і ўцяклі.
Паведамляецца, што міліцыя ўвяла план "Перахоп" у пяці раёнах Гродзенскай вобласці. Для таго, каб знайсці зламыснікаў, праваахоўнікі задзейнічалі службовага сабаку. Ім удалося затрымаць нападнікаў па гарачых слядах.
Выявілася, што на краму напалі два 23-гадовыя хлопцы і 33-гадовы мужчына. Злачынства яны задумалі падчас сумеснай выпіўкі. Два з іх ужо мелі праблемы з законам, трэці, які параніў прадавачку, судзімасцяў не мае.
Прадавачку шпіталізавалі ў цяжкім стане.