Турцыя хоча памірыцца з Ізраілем, каб зменшыць залежнасць ад расійскага газу

Турцыя хоча памірыцца з Ізраілем, каб зменшыць залежнасць ад расійскага газу

Турцыя хоча максімальна хутка зменшыць залежнасць ад расійскага газу, доля якога ў імпарце блакітнага паліва складае 56%. Для гэтага Анкара актывізавала перамовы з Ізраілем і Кіпрам.

Неназваная крыніца ў турэцкім урадзе распавяла агенцтву Bloomberg, што Турцыя і Ізраіль могуць пачаць прымірэнчы працэс пасля здзелкі па аб’яднанні Кіпра ўжо ўвесну 2016 года. Другая крыніца заявіла, што кампраміс з Ерусалімам можа быць дасягнуты “надзвычай хутка”, у бліжэйшыя месяцы. 

Яшчэ напачатку снежня Турцыя і Азербайджан дамовіліся паскорыць будаўніцтва Трансанаталійскага газаправода, каб увесці яго ў строй датэрмінова. У перспектыве праз яго будзе таксама ісці газ з Туркменіі і з Блізкага Усходу.

Турцыя хоча памірыцца з Ізраілем, каб зменшыць залежнасць ад расійскага газу
Будаўніцтва энергетычнай сістэмы LitPol Link. Літва. Фота: enmin.lt

Пазбаўляецца залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў і Літва. 14 снежня нашы суседзі афіцыйна адкрылі лініі электраперадач NordBalt са Скандынаўскімі краінамі і LitPol Link з Польшчай.

“Гэта азначае, што не толькі газавы, але і электрычны рычаг ужо не будзе выкарыстоўвацца для ўплыву на развіццё нашай дзяржавы, подкупу нашых палітыкаў і грамадскасці. (...) Я радая таму, што мы сталі больш цвёрдымі, заклалі трывалыя асновы для росту эканомікі, і што нікому не ўдасца выбіць нас з гэтай каляіны” — заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ на цэрымоніі пуску новай сістэмы.

Яшчэ ўвосень у Клайпедзе быў пабудаваны тэрмінал па прыняцці танкераў са звадкаваным газам, ён мусіў зменшыць залежнасць краіны і ад расійскага блакітнага паліва. У кастрычніку такі ж тэрмінал з'явіўся і ў Польшчы.

“Цяпер на 90% мы можам атрымліваць газ з іншых напрамкаў, не толькі з усходу. У наступным годзе, калі будзем добра працаваць, на 100% мы будзем незалежнымі ад паставак газу з усходу”, — заявіла тады прэм’ер-міністар Эва Копач.

Турцыя хоча памірыцца з Ізраілем, каб зменшыць залежнасць ад расійскага газу
Тэрмінал па прыняцці танкераў са звадкаваным газам. Польшча. Фота: profi-forex.org

У лістападзе прэм’ер Украіны Арсеній Яцанюк заявіў, што Кіеў пазбавіўся залежнасці ад расійскага газу.

Нам атрымалася пазбегнуць дэфолту, мы стабілізавалі эканамічную сітуацыю, напоўнілі бюджэт. Пазбавіліся газавых алігархаў і поўнай залежнасці ад РФ у пастаўках газу”, — удакладніў кіраўнік урада.

6 лістапада кіраўнік украінскага міністэрства энергетыкі Уладзімір Дзямчышын заявіў, што ўлады краіны падрыхтаваліся да магчымага спынення паставак газу з Расіі. Паводле яго слоў, Украіна ў гэтым годзе перад ацяпляльным сезонам закупіла на 1 мільярд кубаметраў блакітнага паліва больш, чым у мінулым, і ацяпляльны сезон мусіць прайсці без нечаканасцяў.

Тым часам, Беларусь купляе газ выключна ў Расіі. У першым паўгоддзі 2015 года пастаўкі блакітнага паліва ў нашую краіну знізіліся на 3,8% і склалі толькі 9,45 мільёна кубаметраў.

Галоўнае фота: thegreatmiddleeast.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі