Туркменскія сілавікі выкінулі беларускага дыпламата з арандаванай кватэры
З арандаванага жылля ў Ашхабадзе былі выселеныя шэраг замежнікаў, у тым ліку высокапастаўлены беларускі дыпламат. Як паведамляе сайт "Хроніка Туркменістана", здарэнне адбылося зранку 13 лютага.
Яшчэ 5 лютага прэзідэнт Туркменістана заявіў, што кіраўніцтва МУС і мясцовых уладаў не кантралююць, як грамадзяне здаюць у арэнду жылыя памяшканні, якія належаць ім. Ён запатрабаваў упарадкаваць сістэму афармлення здачы кватэр у арэнду і замацаваць яе на юрыдычна-прававой аснове.
Але кіраўнікі сілавых структураў вырашылі пачаць не з юрыдычных тонкасцяў, а з практычных крокаў. Брыгады сілавікоў абыходзілі кватэру за кватэрай у Ашхабадзе. Аарндатарам давалі некалькі гадзін, каб сабраць рэчы і вызваліць кватэру. Паведамляецца, што афіцэры не рэагавалі на дыпламатычныя пашпарты і афіцыйна аформленыя дамовы на арэнду, якія паказвалі ім.
У прыватнасці, беларускага дыпламата практычна выставілі з кватэры сілай, калі ён спрабаваў звязацца з МЗС Туркменістана.
Развязаць сітуацыю з дыпламатамі ўдалося пасля тэлефанаванняў у туркменскі МЗС ад цэлага шэрагу пасольстваў і замежных грамадзян. Зрэшты, замежныя бізнэсоўцы, пазбаўленыя арандаваных кватэраў, пакуль не змаглі вярнуцца ў жыллё: яны знаходзяцца ў гатэлях або офісах.