Тых, хто заклікаў "вярнуць" Украіне дзве беларускія вобласці, пакараюць?
Генпракуратура Ўкраіны праверыць заклік аб вяртанні Гомельшчыны і Брэстчыны на распальванне этнічнай варожасці
Народны дэпутат Украіны Алег Цароў, які прадстаўляе партыю ўлады – Партыю рэгіёнаў, звярнуўся да Генеральнага пракурора Віктара Пшонкі з патрабаваннем праверыць некаторыя выказванні радыкальных нацыяналістаў.
"Я лічу, што гэтыя людзі павінны несці адказнасць па закону. І калі яны парушаюць Крымінальны кодэкс, у якому дакладна прапісаныя артыкулы, яны павінны несці адказнасць адпаведна Крымінальнаму кодэксу", - зазначыў дэпутат.
У прыватнасці, сп. Цароў згадвае лідэра УНА-УНСО Юрыя Шухевіча, які 22 студзеня падчас святкавання Дня саборнасці ў Львове заявіў пра неабходнасць вяртання этнічных украінскіх зямель, якія зараз знаходзяцца па-за Украінай.
Сам Шухевіч не ўдакладняў цяперашнюю прыналежнасць гэтых зямель. За яго гэта зрабіў прэзідэнт Дабрачыннага фонду "Украіна-Русь" Расціслаў Наважэнец: "Мы страцілі Лемкаўшчыну, Надсянне, Холмшчыну, Падляшша, якое адышло да Польшчы, Брэстчыну, Гомельшчыну, якія адышлі Беларусі, Старадубшчыну, Усходнюю Слабажаншчыну, нарэшце, Кубань, якая 28 траўня 1918 аб'ядналася з Украінай... Мы страцілі Прыднястроўе, Марамарошчыну, Паўднёвую Букавіну, якая сёння ў Румыніі. Таму ў нас сёння няма Саборнасці, але мы павінны да гэтага імкнуцца", – заявіў ён 22 студзеня.
Прадстаўнікі праўладнай партыі расцэньваюць гэтыя заявы як аднаўленне неанацысцкай ідэалогіі, якая ўяўляе пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Прычым, да гэтай плыні ўлады сталі ўключаць і такія правыя партыі, як "Свабода" і "Кангрэс украінскіх нацыяналістаў", якія на папярэдніх мясцовых выбарах прадэманстравалі нечаканы вынік, асабліва на захадзе краіны. І верагодна, што за паўтара года да наступных парламенцкіх выбараў партыя ўлады яшчэ не раз скарыстаецца нагодай, каб дыскрэдытаваць нацыянальныя палітычныя сілы.
Чарговым крокам, напэўна, стане міжнародны Антыфашысцкі форум, які плануецца правесці ў Луганску сёлета ў сакавіку.
"На форуме плануецца прыняць зварот да парламента і ўрада з заклікам асудзіць ультранацыяналістычныя арганізацыі за палітыку культывавання неанацыяналістычнай ідэалогіі, за гераізацыю калабарацыяністаў. Мы цяпер працуем, і на форуме агучым спісы украінскіх палітыкаў, якія маюць дачыненне да гераізацыі калабарацыяністаў. Гэты спіс будзе накіраваны ў амбасады краінаў Еўрасаюзу з просьбай закрыць ім ўезд у Еўрапейскі Саюз", – заявіў старшыня Луганскага абласнога савета Валерый Галенка.
Аднак перспектыўнасць гэтай крымінальнай справы пакуль што невялікая. У Генпракуратуру накіроўваюцца сотні дэпутацкіх запытаў, да судоў даходзяць адзінкі з іх.