У Аксаны Мяньковай за допінг забралі залаты медаль Алімпіяды-2008

У Аксаны Мяньковай за допінг забралі залаты медаль Алімпіяды-2008

Грандыёзны допінг-скандал, які апошнія некалькі месяцаў скаланае спартовы свет, зноў зачапіў беларускіх спартоўцаў. У допінг-пробах некалькіх нашых суайчыннікаў з Алімпійскіх Гульняў 2008 года знайшлі забароненыя рэчывы.

У выніку Міжнародны Алімпійскі камітэт (МАК) пазбавіў медалёў дзвюх нашых спартовак і ануляваў вынікі выступаў яшчэ трох беларусаў, піша "Прессбол".

Кідальніцу молата Аксану Мянькову пазбавілі залатога медаля Пекінскай Алімпіяды-2008. У яе допінг-пробе выявілі турынабол і аксандралон.

Штурхальніца ядра Наталля Міхневіч засталася без срэбранага медаля: у яе допінг пробе выявілі метандыенон і станазалол.

Акрамя таго, МАК ануляваў вынікі штурхальніка ядра Паўла Лыжына (4-е месца) і бягухі Святланы Вусовіч (23-е месца), якія яны паказалі на Алімпіядзе-2008.

Таксама былі ануляваныя вынікі Мяньковай на Лонданскай Алімпіядзе-2012 (там яна заняла 7-е месца). За допінг быў ануляваны і вынік у скачках у даўжыню Настассі Мірончык-Івановай (7-е месца на Алімпіядзе-2012).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі