У Аўстраліі невядомы захапіў у кавярні дзясяткі закладнікаў (відэа)

У цэнтры аўстралійскага горада Сіднэй адбыўся захоп закладнікаў. Невядомы са зброяй захапіў у закладнікі персанал і наведвальнікаў крамы-кавярні Lindt каля будынка Цэнтрабанка. Закладнікаў, як мінімум, 13. Аднак вядома, што на момант здарэння ў будынку былі да 10 супрацоўнікаў і каля 30 наведвальнікаў.

Як інфармуе ВВС, траіх закладнікаў тэрарыст паставіў з паднятымі рукамі насупраць акна і прымусіў трымаць сцяг з надпісам па-арабску. Сцяг падобны на тыя, што выкарыстоўваюць тэрарысты з групоўкі "Ісламская дзяржава".

Раён горада, дзе адбыўся захоп закладнікаў, ачэплены паліцыяй. Была праведзеная эвакуацыя бліжэйшых будынкаў, у тым ліку і Сіднэйскага опернага тэатру (былі ілжывыя паведамленні пра закладзеныя бомбы). На месца прыбылі байцы спецпадраздзяленняў, бронетэхніка.

Паведамляецца, што скліканае паседжанне Нацыянальнага камітэта бяспекі. Прэм'ер-міністр Аўстраліі Тоні Эбат звярнуўся са зваротам да грамадзян. "Няхай аўтралійцы не сумняюцца ў тым, што праваахоўныя органы і службы бяспекі добра падрыхтаваныя і забяспечаныя ўсім неабходным. Яны працуюць дакладна і прафесійна", — заявіў прэм'ер. Ён адзначыў, што дагэтуль невядомыя ніякія патрабаванні тэрарыста (ці тэрарыстаў), але не выключае наяўнасці палітычнага матыву.

РІА "Новости" паведамляе, што тэрарыстаў можа быць не менш за 2, у іх ёсць заплечнікі і паясы, падобныя на "паясы смяротнікаў". Аднак праваахоўнікі гэтую інфармацыю не пацвярджаюць. Паліцыя сцвярджае, што закладнікаў узяў адзін узброены мужчына. Больш таго, яна пакуль не схільна разглядаць дадзены інцыдэнт як тэракт.

Пазней стала вядома, што пяцёра закладнікаў уцяклі з будынка. Паліцыя вядзе перамовы з тэрарыстам.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі