У аўторак абвесцяць прысуд у справе аб жахлівым забойстве Ганны Сардэчкінай
Дзяржабвінаваўца папрасіў суд прызнаць Канстанціна Казлова вінаватым у забойстве і прысудзіць яго да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Адвакат абвінавачанага папрасіў для свайго падабароннага 6 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, што мінчанка, кіраўніца клуба лучнікаў-аматараў Ганна Сардэчкіна знікла 12 жніўня мінулага года. Праз два дні ў міліцыю з заявай пра яе знікненне звярнуўся яе былы муж, які пазней стаў падазраваным у забойстве. Падчас расследавання ён прызнаўся ў злачынстве і паказаў, дзе схаваў парэшткі забітай.
Высветлілася, што жанчына спачатку была задушаная, пасля яе цела пасеклі на кавалкі. Частку астанкаў знайшлі ў пакетах на дне Цнянскага водасховішча, а частка была закапаная.
Абвінавачаны па справе, былы муж Сардэчкінай Канстанцін Казлоў цалкам прызнаў сваю віну. Падчас допыту ён расказаў, што пасля разводу у яго з жонкай "узнікалі сваркі на глебе непрыязных адносін" і гэта перашкаджала яго "нармальным адносінам з малалетнім сынам".
Працэс па гучнай справе пачаўся 3 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска. У судзе адбыўся допыт чатырохгадовага сына Ганны Сардэчкінай. Допыт дзіцяці прайшоў пры зачыненых дзвярах — без абвінавачанага Казлова і сведак па справе, а таксама прэсы. Як вынікае са словаў суддзя пасля гэтай гутаркі, хлопчык бачыў момант забойства.
Канстанцін Казлоў мае вышэйшую адукацыю, да затрымання працаваў вядучым інжынерам-праграмістам ў адным з унітарных прадпрыемстваў сталіцы. За кратамі ён знаходзіцца ад 20 жніўня 2013-га.
Фота з сацыяльных сетак