У аўторак у Беларусі будзе да мінус 24, маразы аслабеюць да канца тыдня
У аўторак, 5 студзеня, у Беларусі месцамі пройдзе невялікі снег. Вецер будзе паўднёва-ўсходні, 3-8 метраў за секунду. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.
Тэмпература паветра ўначы складзе 14-20 градусаў ніжэй за нуль, пры праясненнях — да 21-24 марозу. Удзень будзе мінус 8-14, месцамі — 15-17 градусаў ніжэй за нуль.
Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, маразы пачнуць слабець толькі да канца тыдня. У чацвер, на праваслаўнае Раство, і ў пятніцу ў начныя гадзіны яшчэ будзе да 25 марозу, а ўжо з суботы з Заходняй Еўропы пачне прыходзіць цёплае паветра. Уначы 9 студзеня чакаецца 8-15 градусаў са знакамі мінус (на Брэстчыне — 3-7 марозу, на Віцебшчыне — 16-20 градусаў са знакам мінус). У нядзелю, 10 студзеня, у начныя гадзіны прагназуецца не ніжэй за 15 градусаў марозу, у дзённыя гадзіны — ад 0 да -7.
Фота: Bymedia.net