У бабруйскіх летніках эксплуатуюць непаўнагадовых?

У бабруйскіх летніках непаўнагадовыя за 200 тыс. рублёў выконваюць некваліфікаваную працу па 9-12 гадзінаў на дзень. Прытым наракаюць на цяжкія ўмовы побыту.
Непаўнагадовыя навучэнцы коледжаў праходзяць у бабруйскіх дзіцячых летніках абавязковую вытворчую практыку. Працягласць іх працоўнага дня значна вышэйшая за дазволеную заканадаўствам. Бальшыня практыкантаў займацца не тым, чаму іх вучылі ў коледжы.

Пра гэта Еўрарадыё распавялі практыканты дзіцячага летніка “Рамонак”.

Еўрарадыё: –  Скажы, калі ласка, што ўваходзіла ў вашы абавязкі падчас адпрацоўкі вытворчай  практыкі?

Практыкантка: – Мы мылі посуд і чысцілі бульбу, прыбіралі ў сталоўцы, разносілі ежу і збіралі пусты посуд. У абавязкі нашых нямногіх хлапцоў уваходзіў дагляд вялізных цэбраў, у якіх варылася ежа. Працавалі мы амаль увесь дзень. А калі прыязджала санстанцыя (так  было двойчы за 18 дзён), то мы ўвогуле прачыналіся а пятай раніцы, каб  паспець да шостай гадзіны пачаць працу, і працавалі з двума  перапынкамі да 23-23.30. Не хапала часу нават на 8 гадзін начнога сну. Нам казалі, што гэта мы такія недасведчаныя і таму трацім на працу больш часу, чым неабходна.

Але  нас не гэтаму вучылі! Мы – кухары! Мы павінны былі пісаць дзённік пра тое, што зрабілі і  што прыгатавалі, але мы ж не гатавалі. Тым не менш дзённік усё роўна прыйшлося пісаць так, як патрабуюць правілы. Мы выконвалі некваліфікаваныя працы, а апісвалі працэс прыгатавання страваў. Але нічога не зробіш, таму што галоўны экзамен на атрыманне катэгорыі прызначаны пасля практыкі. Вось так хітра зроблена.

Еўрарадыё: – Як лічыш, подабны стан рэчаў толькі тут, у “Рамонку”, ці і ў іншых  летніках такая сітуацыя?

Практыкантка: – У іншых горш! Мае калегі працуюць тут побач  – у “Арляняці”, “Дружбе” і іншых. Дык там ім увогуле не заплацяць нічога. Многія з іх увогуле працуюць жахліва. Прыбіральшчыцамі, і па 12 гадзін мінімум, таму што нехта захварэў, кагосьці недабралі ў штат.

Еўрарадыё: – Як ты ахарактаразуеш умовы пражывання і гігіенічную сітуацыю ў летніку?

Практыкантка: – Душ у нас адзін. Часцяком няма гарачай вады. Умывальнік на вуліцы. Усё жахліва старое. Заўсёды стаіць чарга, а часу і на сон не заўжды хапае. За гэта нам заплоцяць каля 200 тысяч рублёў. А ў іншых летніках увогуле  нічога не плоцяць. Гэта нам так пашанцавала.

Еўрарадые патэлефанавала ў летнік, каб высветліць сітуацыю. Шэф-повар установы, Аляксандр Сардэчны, непасрэдны начальнік практыкантаў, расповеду не адкаментаваў, затое паведаміў, што ў летніку ўсё нармальна і згодна з заканадаўствам.



Лозунг па дарозе ў летнік



Лагер "Рамонак"



У гэтай краме "лагернікі" маглі б набываць карысныя дробязі










Прылады для асабістай гігіены будучых кухараў





Наглядная агітацыя



Канцэптуальнае вакно ў душы ўхваліў бы сам Дунін-Маркінкевіч, эстэт і ўраджэнец гэтых месцаў. Дарэчы, змагаўся супраць прыгону.





Здымкі Алеся Васько

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі