У Бабруйску вынесены прысуд за спробы ўцягнення дзяўчат у прастытуцыю
У Бабруйску вынесены прысуд за спробы ўцягнення дзяўчат у прастытуцыю. 45-гадовы мужчына правядзе ў зняволенні шэсць гадоў, 32-гадовая жанчына — 5,5 гады. Да таго ж у іх канфіскуюць маёмасць. Такое рашэнне прыняў суд Бабруйска і Бабруйскага раёна, інфармуе БелаПАН.
Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, абвінавачваныя, жадаючы хутка ўзбагаціцца, летам 2015 года падбіралі мясцовых дзяўчат для сэксуальнай эксплуатацыі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і Турцыі. Ім яны абяцалі працу з вялікімі даходамі і свабодным графікам.
Следства выявіла, што мужчына выступаў яшчэ ў якасці сутэнёра. Ён знайшоў мясцовую жыхарку, якая пагадзілася на выкананне для яго работы, звязанай з аказаннем сэксуальных паслуг. Пры гэтым абвінавачваны ўстанавіў расцэнкі за атрыманыя кліентамі паслугі, кантраляваў час аказання сэксуальных паслуг, арганізоўваў бяспеку. Мужчына прысвойваў сабе частку грашовай узнагароды.