У Бабруйску затрымалі эксгібіцыяніста, які хадзіў да школы
Бабруйскія міліцыянты затрымалі 36-гадовага мужчыну, якога падазраюць у злачынстве ў дачыненні да малалетняй.
Як паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкаму, мужчыну падазраюць у гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару ў дачыненні да малалетняй школьніцы, што адбылося ў сярэдзіне жніўня на тэрыторыі адной са школаў Бабруйска.
Зламысніка шукалі не толькі міліцыянты, але і работнікі школы. І вось у перадапошні дзень жніўня міліцыянтам затэлефанавала вартаўніца школы, дзе адбылося злачынства. Жанчына павеадміла пра падазронага мужчыну, які хаваўся ў кустах і паказваў свае полавыя органы.
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі мужчыну і даставілі яго ў міліцыю. Спярша ён адмаўляўся ад злачынства ў дачыненні да малалетняй, але потым прызнаў сваю віну. Выявілася, што раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за падобнае злачынства.
Зламысніку пагражае ад васьмі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.