У Багдадзе пратэстоўцы ўзялі штурмам амбасаду Швецыі
Амбасада Швецыі ў Багдадзе / AP Photo / Ali Jabar
Сотні чалавек раніцай у чацвер уварваліся ў шведскую амбасаду ў цэнтры Багдада, паведамляе Reuters. Яны пратэстуюць супраць чарговай акцыі са спальваннем Карана ў Швецыі. Супрацоўнікі амбасады ў бяспецы, заявіў шведскі міністр замежных спраў Тобіяс Білстрэм. Але іракскія ўлады, паводле яго слоў, не выканалі сваіх абавязкаў па абароне дыппрадстаўніцтва, як гэта прадугледжвае Венская канвенцыя.
"Тое, што адбылося, абсалютна непрымальнае, і ўрад рашуча асуджае гэтыя атакі", — заявіў Білстрэм. У гэтым жа будынку знаходзіцца амбасада Фінляндыі, яе супрацоўнікі таксама былі эвакуяваныя.
У сераду стала вядома, што шведская паліцыя дазволіла правесці публічную акцыю ля будынка амбасады Ірака ў Стакгольме. Яна мусіць адбыцца сёння. Згодна з дазволам паліцыі, чакаецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел два чалавекі. Між тым шведскае інфармацыйнае агенцтва TT сцвярджае, што гэтыя двое плануюць спаліць Каран і іракскі сцяг. Адзін з іх, дарэчы, раней у чэрвені падпаліў Каран ля мячэці ў Стакгольме. Адзначым, што раней шведская паліцыя перыядычна адхіляла заяўкі, дзе планавалася спаленне Карана, тлумачачы гэта меркаваннямі бяспекі. Заяўнікі ішлі ў суд, і суды адмянялі рашэнні паліцыі. Там лічаць, што такія забароны парушаюць свабоду слова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.