У Баранавічах "супрацоўніца газавай службы" абкрадае пенсіянерак
У Баранавічах дзейнічае махлярка, якая абкрадае пенсіянерак пад выглядам супрацоўніцы газавай службы.
Паводле зводак прэс-службы УУС Брэсцкай вобласці, у Баранавічах у перыяд з 23-га па 25 лістапада адбылася серыя крадзяжоў у кватэрах пенсіянерак. Ва ўсіх выпадках фігуруе невядомая жанчына, якая трапляе ў памяшканне нібыта для праверкі газавага абсталявання, а пазней знікае з буйной сумай грошай. За тры дні ілжэсупрацоўніца газавай службы паспела абакрасці трох пенсіянерак. Агульная сума скрадзеных грошай складае 7,5 мільёна рублёў і 420 долараў ЗША.
Замысніца абірае ахвяр з жанчын вельмі сталага ўзросту. Самая малодшая з пацярпелых мае 78 гадоў.
Па фактах крадзяжоў Следчы камітэт пачаў крымінальныя справы.
Фота: progorod43.ru