У Беларусь даставілі "арэшнік", але не той, што прасіў Лукашэнка

Ляшчына ("орешник"), перададзеная ў Мінск / амбасада РФ у Беларусі
Расійская амбасада ў Мінску паведаміла пра незвычайны падарунак, дастаўлены ў Беларусь.
У снежні 2024-га Аляксандр Лукашэнка папрасіў ва Уладзіміра Пуціна дзясятак расійскіх ракетных комплексаў "Арэшнік". Той абяцаў паставіць ракеты да канца 2025 года.
І вось амбасада РФ заявіла: "Орешник прибыл в Минск". У якасці доказу былі зробленыя фатаздымкі саджанцаў ляшчыны (па-руску "орешник"), у гонар якой названая зброя.
У амбасадзе заявілі, што гэта "адзін з падарункаў амбасадзе да Дня абаронцы Айчыны".
Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі ўдакладніў, што саджанцаў усяго тры, а не дзесяць. "Але і перадаў не Пуцін", — дадалі ў прэс-службе.
Як вынікае з лагатыпа на падарунку, перадалі яго супрацоўнікі расійскага прапагандысцкага канала RT.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.