У Беларусь прыедзе міністр замежных спраў Літвы
У Беларусь прыедзе міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Візіт запланаваны на пачатак лютага. Мяркуецца, што Лінкявічус прапануе альтэрнатыву імпарту як нафты, так і газу, інфармуе interfax.by.
"Мы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь дыверсіфікавала крыніцы паставак энерганосьбітаў, і адзін з такіх прыкладаў — выкарыстанне Клайпедскага парта і Літоўскай чыгункі", — заявіў міністр. Ён лічыць, што калі ў беларускага боку будзе зацікаўленасць, "то можна будзе таксама разгледзець і пытанні паставак газу". Лінас Лінкявічус гатовы абмяркоўваць гэтыя тэмы разам "з іншымі актуальнымі пытаннямі".
Як вядома, Беларусь дагэтуль не мае дамовы аб пастаўках расійскай нафты ў 2020 годзе. Аляксандр Лукашэнка даручыў арганізаваць альтэрнатыўныя варыянты паставак. Напярэдадні стала вядома, што ў Беларусь праз Літву пастаўляюцца 80 тысяч тон нарвежскай нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.