У Беларусі амаль пароўну настаўнікаў рускай і беларускай мовы
У 2018 годзе ў Беларусі было амаль пароўну настаўнікаў рускай і беларускай мовы. Гэта вынікае са статыстычнага зборніка “Адукацыя ў Беларусі”, апублікаванага Белстатам.
Больш за іншых у краіне настаўнікаў замежных моваў — 13328. Гэта прыкладна столькі ж, колькі настаўнікаў рускай і беларускай мовы разам узятых. На другім месцы — настаўнікі матэматыкі, іх 7220.
Беларуская і руская мовы — на 3 і 4 месцах. Мову і культуру тытульнай нацыі Беларусі выкладаюць 6728 настаўнікаў, а пра мову і літаратуру ўсходняга суседа ў Беларусі распавядаюць 6680 настаўнікаў. Розніца ў колькасці сімвалічная — усяго 48 настаўнікаў.
Ну, а на пятым месцы — настаўнікі фізкультуры.
Поўная статыстыка па прадметах наступная: замежныя мовы — 13 328; матэматыка — 7 220; беларуская мова і літаратура — 6 728; руская мова і літаратура — 6 680 настаўнікаў; фізічная культура — 6 322; гісторыя і іншыя грамадскія дысцыпліны — 4 447; працоўнае навучанне — 3 916; фізіка — 3 090; хімія — 2 719; біялогія — 2 650; музыка і спевы — 2 709; іншыя прадметы — 2 569. інфарматыка — 2 476; геаграфія — 2 388; мастацтва — 971; дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка — 466.