У Беларусі хочуць выдаваць IT-крэдыты

Фота hse.ru
Фота hse.ru

У Беларусі хочуць выдаваць IT-крэдыты з адтэрміноўкай плацяжу на два гады. Гэта беспрацэнтныя крэдыты на адукацыю ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Пра гэта пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы расказаў Віктар Пракапеня.

Паводле яго слоў, кожны беларус зможа атрымаць такі крэдыт за кошт сродкаў Парку высокіх тэхналогій на 5 гадоў. Папярэдняя сума — да 6000 руб. Пры гэтым будзе дзейнічаць адтэрміноўка плацяжу на два гады, затым крэдыт можна будзе пагасіць цягам трох гадоў роўнымі плацяжамі.

"ІТ-крэдыты — простае рашэнне. Яно зменіць настрой людзей у краіне, — піша Пракапеня. — Дэкрэт аб ПВТ 2.0 быў не проста падпісаным дакументам. Паглядзіце, як змяніўся настрой беларускіх айцішнікаў. Як змяніўся настрой тых, хто прыязджае да нас з Расіі і Украіны. Мы даем добрыя рэлакацыйныя пакеты, а заробкі ў сферы пачынаюць перавышаць украінскія і расійскія — сур'ёзны выклік для гэтых рынкаў".

Прадпрымальнік упэўнены, што цяпер патрэбны наступны крок — каб у IT было выгадна працаваць не толькі айцішнікам, але і ўсім астатнім. Ён расказаў, што будзе створаная група, якая зоймецца распрацоўкай праекта па IT-крэдытах.

"У яе можа ўвайсці кожны, хто, як і мы, гарыць гэтай ідэяй, верыць у яе і бачыць, як яе можна палепшыць. Пішыце ў каментарах да гэтага паста, калі вы хацелі б у яе увайсці".

Таксама Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю аб стварэнні IT-універсітэта. Ён павінен пачаць працаваць ужо ў новым навучальным годзе.

"Гэта прапанова не толькі IТ-супольнасці, але і вядучых нашых ВНУ: БДУ і БДУІР", — расказаў першы намеснік прэм'ера Аляксандр Турчын. Паводле яго слоў, ужо ў найбліжэйшы час Лукашэнка атрымае праект нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгуляваць дзейнасць новай установы адукацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі