У Беларусі падатак на "дармаедаў" заплацілі больш за 16 тысяч чалавек
У Беларусі падатак на "дармаедаў" заплацілі больш за 16 тысяч чалавек. У бюджэт паступіла каля 4,8 млн рублёў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства па падатках і зборах.
Атрымліваецца, што за апошнія два тыдні падатак заплацілі больш за 5 тысяч чалавек. Раней паведамленні аб неабходнасці яго заплаціць накіравалі амаль 73 тысячам чалавек.
Дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" быў прыняты ў красавіку 2015 года. У адпаведнасці з ім, беларусы, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў (альбо калі ўдзельнічаюць, то менш за 183 каляндарныя дні на год), мусяць заплаціць падатак.