У Беларусі павышаюць кошты на чыгуначны праезд унутры краіны
Квіткі на чыгуначны праезд унутры Беларусі падаражэюць на 5-15%, паведамляе прэс-служба Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).
Кошты на праезд у цягніках рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній павялічацца ў залежнасці адлегласці перавозкі. Напрыклад, праезд у бізнэс-класе па маршруце Мінск-Орша стане даражэйшым на 43 капейкі, Мінск-Бабруйск — на 35. Пасажырам электрычак за праезд ад Мінска да Маладзечна давядзецца заплаціць на 17 капеек больш.
На цягніках гарадскіх ліній праезд у межах аднаго тарыфнага пояса падаражэе на 15 капеек, а ў межах двух тарыфных паясоў — на 30 капеек.
У МАРГ кажуць, што насельніцтва не кампенсуе нават 14% выдаткаў на чыгуначныя перавозкі. Пры гэтым чыгунка не атрымлівае бюджэтныя субсідыі на перавозкі пасажыраў.
У папярэдні раз тарыфы на чыгуначныя праезд павышаліся ў снежні 2020 года.
Пастанова набывае моц праз 5 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.