У Беларусі працуюць над зніжэннем кошту інтэрнэта
Дамагчыся гэтага можна з дапамогай канкурэнцыі мабільных аператараў, лічыць міністр эканомікі.
Беларусь працуе над зніжэннем тарыфаў на міжнародную сувязь і інтэрнэт-трафік. Пра гэта заявіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, выступаючы ў Лондане на Беларуска-брытанскім інвестыцыйным форуме.
"Цяпер мы працуем над тым, каб на аснове канкурэнцыі трох наяўных мабільных аператараў і чацвёртага аператара, які арганізуецца і забяспечвае інтэрнэт-трафік, знізіць тарыфы на міжнародную сувязь, на інтэрнэт і павялічыць хуткасць доступу", — цытуе словы Снапкова БЕЛТА.
На думку міністра, адпаведныя меры змогуць даць другое дыханне развіццю сферы IT-тэхналогій.
Сайт naviny.by дадае, што нядаўна першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Дзмітрый Шэдко выказаў сумненні ў паспяховасці з'яўлення новага мабільнага аператара ў нашай краіне. На яго погляд, гэта "камерцыйна рызыкоўны праект".
Фота — Fotolia